Вольга Дамаскіна: Арганізацыі ліквідуюць, але ж людзі – застаюцца



Наваполацкая актывістка Вольга Дамаскіна даведалася, што заснаваная ёй грамадская ўстанова “ІніцыАрт” была ліквідавана яшчэ 15-га ліпеня. Такім чынам, “ІніцыАрт” трапіў ў пералік грамадскіх суполак, ліквідаваных апошнімі днямі пасля заўвагі Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў недзяржаўных аб’яднаннях беларусам “прамываюць мазгі за чужыя грошы”.  Грамадская ўстанова не займалася пытаннямі палітыкі –  яна ладзіла культурніцкія імпрэзы. І самым значным у яе дзейнасці стаў праект “Жывая мова” – цыкл сустрэчаў з цікавымі суразмоўцамі-землякамі,  якім беларуская мова не толькі не была перашкодай у жыцці, але яшчэ й паспрыяла — у кар’еры ці ў творчасці…

Дакументаў пра ліквідацыю і яе падставы Вольга Дамаскіна пакуль не атрымала. Але актывістка лічыць, што займацца карыснай дзейнасцю людзі будуць і надалей, нягледзячы на афіцыйныя перашкоды:

-Канешне, я чакала такой развязкі, тым болей, бачыла, што адбываецца ў краіне – што кожны дзень ліквідуюць розныя арганізацыі. Гэта якраз і ёсць тая спроба прыдушыць усе грамадскія ініцыятывы, але афіцыйная рэгістрацыя – гэта толькі інструмент. А людзі застаюцца, і мы застаемся, і мы будзем працаваць, як працавалі раней.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, на сярэдзіну дня 23-га ліпеня  вядома ўжо больш як пра чатыры з паловай дзясяткі арганізацый, які трапілі пад ліквідацыю – як у Менску, так і ў рэгіёнах.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск