Вольга Івашына атрымала першы ліст ад мужа



Жонка гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга амаль за месяц утрымання мужа за кратамі атрымала першы ліст.

Ліст датаваны сярэдзінай сакавіка і выклікаў у Вольгі здзіўленне:

– Літаральна сёння выцягнулі з паштовай скрыні першы ліст, які датаваны 17 сакавіка. Сёння 7 красавіка. Можна ўявіць, што за гэты час былі яшчэ нейкія лісты, але іх можа быць будзем яшчэ даўжэй чакаць.

Па словах Вольгі Івашынай, Дзяніс за кратамі вельмі чакае падтрымкі і яна вельмі рада, што мужа прызналі палітвязнем.

– Для яго асабіста гэта, так скажам, падтрымка. Ён гэта адчувае, што яго лічаць невінаватым усе адэкватныя і разумныя людзі. Фізічна дапамагчы можна толькі ў адным выпадку, калі закон у Беларусі зноў запануе.

РР: Як вы думаеце, у гэтым годзе Дзяніс выйдзе?

– Спадзяюся на гэта… Канешне, абавязкова пішыце, дасылайце лісты і паштоўкі, і можа дасылайце мне копіі, каб я ўжо ведала і пытала пра лёс гэтых лістоў і паштовак.

Гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году супрацоўнікі КДБ. З таго часу сувязь з журналістам адбываецца толькі праз яго адваката. Вядома тое, што журналіста затрымалі і абвінавачваюць па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса — «умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка МУС». Ператрусы па справе Дзяніса Івашына адбыліся ў трох месцах: у кватэры, дзе ён жыве з жонкай, у доме, дзе жыве маці Дзяніса і ў кватэты 95-гадовай бабулі журналіста.

Беларускае Радыё Рацыя

 Фота Сяргея Апановіча  і з Фейсбука Вольгі Івашынай.