Вольга Івашына: Да мужа не дагрукацца



Ужо больш за месяц Вольга Івашына, жонка вядомага журналіста, палітвязня Дзяніса Івашына, не можа дамагчыся ад розных структур тлумачэння сітуацыі з сваім мужам.

Пра сітуацыю распавядае Вольга Івашына:

– Незразумелыя дзеянні дзяржаўных органаў і камерцыйных нават структур. Я пісала шмат зваротаў, скаргаў. І ўжо больш за паўмесяца ніхто з іх не адказвае. Што думаць – не ведаю. Фактычна ў іх месяц ёсць на тое, каб праверкі праводзіць. Але ж можна было б адказаць, што праверку праводзяць. Таксама ніякіх адказаў няма. Я не ведаю, з чым звязанае гэтае маўчанне.

Таксама Вольга хвалюецца за сваю бяспеку, бо апошнім часам пачалі да яе званіць з невядомых нумароў:

– Ніякай перапіскі няма. Бо да яго лісты не даходзяць, і, адпаведна, ягоныя лісты не трапляюць да нас. Дзе яны, пошта мне дагэтуль не адказала. Пачаліся нейкія дзіўныя тэлефанаванні. Размова гучыць так, што вядзецца запіс размовы, прадстаўцеся. Прычым нумар схаваны, немагчыма даведацца хто гэта.

Журналіста Дзяніса Івашына затрымалі ў сакавіку 2021 года і з таго часу ён утрымліваецца ў гарадзенскай турме. Напрыканцы кастрычніка яму выставілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Беларускае Радыё Рацыя