Вольга Івашына: Дзяніс не толькі палітвязень, але і ваеннапалонны
Госця Радыё Рацыя – журналістка Вольга Івашына – жонка гарадзенскага журналіста і палітвязня Дзяніса Івашына.
РР: Колькі часу Дзяніс ужо за кратамі?
Вольга Івашына: Сёння ўжо мінула 357 дзён. І больш за 170 дзён мы не атрымліваем ад яго лістоў.
РР: Калі Вы апошні раз бачыліся з мужам?
Вольга Івашына: 12-га сакавіка, калі яго арыштавалі. Дакладней, узялі ў палон. І з гэтага часу я яго не бачыла ні разу. Я ўжо збілася з ліку, колькі разоў я пісала запыты, патрабаванні, каб далі магчымасць убачыць мужа, але следчыя дагэтуль не бачаць падстаў для нашага спаткання.
РР: Днямі Вы звярнуліся да палітыкаў, каб яны паспрыялі вызваленню Дзяніса. Чаму менавіта цяпер?
Вольга Івашына: Гэта звязана з пачаткам паўнамаштабнага наступу Расеі на Украіну. Нашая тэрыторыя выкарыстоўваецца як плацдарм, і, адпаведна, можна лічыць, што не Беларусь, а рэжым унутранай акупацыі саўдзельнічае ў гэтым. І Дзяніса можна лічыць цяпер не толькі палітвязнем, але і ваеннапалонным.
РР: Пра яго ў пэўным сэнсе можна сказаць, як пра ваеннага карэспандэнта. Дзяніс, як журналіст, займаўся няпростымі тэмамі.
Вольга Івашына: Так, ён займаўся расследаваннямі пра “беркутаўцаў”, “вагнераўцаў”. І найперш – пра агрэсію Расеі супраць Украіны, Грузіі, Сірыі і іншых краінаў.
РР: Паступілі ўжо водгукі на ваш заклік?
Вольга Івашына: Так, пакуль неафіцыйна. Нам аказваюць падтрымку. Пакуль займаемся распаўсюдам і чакаем адказаў.
“Я прашу вас усіх прыкласці максімальныя намаганні, каб паспрыяць абмену ваеннапалоннага Дзяніс Івашына – сына Беларускага і Украінскага Народаў!Слава Україні!!! Жыве Беларусь!!!”, – такімі словамі завяршаецца зварот Вольгі Івашынай да знакавых беларускіх і ўкраінскіх палітыкаў.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя