Вольга Івашына: Мужа кінулі ў карцар без вопраткі
Журналіста-даследніка Дзяніса Івашына адправілі ў карцар гарадзенскай турмы.
Вольга Івашына, яго жонка, распавядае, што адбываецца з мужам у апошнія дні:
– Дзяніс на дадзены момант знаходзіцца ў карцары, у чарговы раз за нейкае выдуманае парушэнне правілаў унутранага распарадку. Змясцілі туды на пяць сутак, спадзяваемся, што больш не накінуць, як яны ўмеюць і любяць. А праблема яшчэ ў тым, што ў яго яшчэ раней, пакуль ён быў у сваёй звычайнай камеры, падчас аднаго з ператрусаў па невядомай прычыне, не тлумачачы нічога, забралі верхнюю вопратку, ягонае паліто. Чалавек – без верхняй вопраткі, а там жа штодня шпацыр, іх выводзяць ва ўнутраны дворык пагуляць.
У Дзяніса таксама праблема з дастаўкай яму перыядычных выданняў, ёй персанальна займаецца начальнік турмы Казакоў, адзачае Вольга Івашына:
– Дзіўная сітуацыя, таму што той жа вось Казакоў сцвярджае, што гэта можа быць праблемы пошты, і яны не змаглі даставіць усё ў верасні.Але гэтыя вераснёўскія выданні яны накіруюць ужо ў кастрычніку. А кастрычнік толькі пачаўся. І ён патрапіў у карцар, то-бок пакуль яму нічога не дадуць, нават калі там штосьці і ёсць.
Нагадаем, што 14 верасня 2022 года суддзя Гарадзенскага абласнога суда Валерый Раманоўскі прызнаў Дзяніса Івашына вінаватым паводле арт. 365 (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) і асудзіў яго да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Цяпер Дзяніс разам са сваім абаронцам рыхтуе касацыйную скаргу на свой прысуд.
Беларускае Радыё Рацыя