Вольга Камягіна: Каб праверыць дакументы – нас гвалтоўна затрымалі
Гарадзенскую журналістку газеты “Народная Воля” Вольгу Камягіну затрымалі падчас нядзельнага Маршу, калі некалькі соцень гарадзенцаў сабраліся на Савецкай плошчы.
Як адбылося яе затрыманне, распавядае сама журналістка:
– Там мусіла быць акцыя. Людзей было няшмат. Не было ніякіх лозунгаў, ніякіх сцягоў. Мы проста стаялі на вуліцы. Я была пазначана камізэлькай і мела пасведчанне. Да мяне падыйшлі сілавікі ў шлемах. Я так мяркую, што гэта быў ці АМАП, ці нейкія спецпадраздзяленні. І папрасілі падысці да буса, дзе правераць дакументы.
Журналістку разам з калегамі з інфармацыйнага агенства БелаПАН зацягнулі ў мікрааўтобус і гвалтоўна павезлі ў Ленінскі РАУС Гародні:
– Нас, журналістаў, пасадзілі ў бус. І адвезлі ў Ленінскі РАУС. Сілавікі паводзілі сябе не вельмі ветліва. Прыйшлося ехаць на каленях у маёй калегі, бо іх было больш чым нас. Пры гэтым у мяне забралі тэлефон, калі я тэлефанавала рэдактару сказаць, дзе я знаходжуся. Яны выбілі з рук яго. І паабяцалі яго разбіць. На што я сказала, што напішу заяву ў міліцыю, бо гэта мая маёмасць. Каля РАУС мне яго аддалі.
Журналістаў пратрымалі ў РАУСе тры гадзіны й выпусцілі без складання пратаколаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня