Вольга Камягіна: Нядзельнае затрыманне было дзіўным
Журналістку Вольгу Камягіну затрымалі ў Гародні 4 кастрычніка на Савецкай плошчы.
Сваё затрыманне яна лічыць вельмі дзіўным, бо ёй з калегай проста не далі выканаць прафесійны абавязак:
– Аб тым, што там была акцыя, я не ведаю, ці ведаў хто. Ці ведала міліцыя, я таксама не ведаю, але плошча была агароджаная. Мы стаялі каля аднаго з фермераў і самае смешнае, што я хацела набыць сабе шпінат і так не адбылося. Да нас падышлі чатыры чалавекі з Ленінскага РАУС – супрацоўнікі міліцыі і папрасілі праехаць з імі на тры гадзіны, каб высветліць дакументы. Пры гэтым дакументы ў нас былі ў парадку, мы іх паказвалі, але яны казалі пра тое, што ў законе аб міліцыі ёсць такія словы, што яны могуць нас затрымаць на тры гадзіны. Так і адбылося.
Па словах журналісткі асабліва цяжка працавалася ў першыя дні пасля выбараў:
– У першыя дні жніўня было вельмі цяжка, бо мы не спалі, бо гэта ўсё адбывалася ўвечары. Было цяжка ўсё гэта бачыць, як адбываецца, бо бачылі мы ўпершыню ваенныя машыны і такую колькасць сілавікоў. Цяжка было сумяшчаць працу і сям’ю і цяжка было, канешне, калі цябе затрымліваюць, бо ты проста выпадаеш са сваёй працы, якую ты выконваеш афіцыйна і законна. Але я была затрыманая першы раз 9 жніўня, гэта была ўжо не размова, я была з усімі пратэстоўцамі на Гая.
Цяпер, калі ўлады Беларусі часова спынілі статус сеткавага СМІ ў партала TUT.by, Вольга Камягіна ўладкавалася на працу ў газету “Народная Воля”, дзе амаль штодня магчыма пачытаць яе артыкулы з Гародні.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча