Вольга Карач: Для іх гэтая сітуацыя вельмі зразумелая
Якую гуманітарную дапамогу зараз могуць атрымаць беларусы і ўкраінцы? Якім чынам і куды звярнуцца? Ці адрозніваюцца тыя, хто прыходзіць па дапамогу ў Вільні і ў Варшаве? Адказы на такія пытанні дала наша сённяшняя Госця Рацыі, кіраўнік арганізацыі „Наш дом” Вольга Карач у размове з Алісай Поль.
РР: Як даўно аказваецца гэтая дапамога, для каго яна прызначаная. У якой форме і г.д.?
Вольга Карач: Як ведаеце, наша праваабарончая арганізацыя “Наш дом” раней не займалася гуманітарнай дапамогай і ў прынцыпе такой мэты сабе не ставілі, але з лістапада ўжо зразумелі, што ёсць вялікая праблема – сітуацыя з беларускімі ўцекачамі ў Літве ў першую чаргу. А пасля ўжо зразумелі, што такая ж сітуацыя і ў Польшчы, у Латвіі. І вось у лістападзе прыйшла першая фура гуманітарнай дапамогі з Нямеччыны, таксама з праваабарончай арганізацыі. Вось зараз я знаходжуся на канферэнцыі і тут ужо 50 гадоў, як яны змагаюцца за правы чалавека. Спачатку ГДР са штазі, з саветамі, з Савецкім саюзам. Усе атакі, якія тут былі, ім добра вядомыя. І зараз яны б хацелі дапамагаць менавіта вось Беларусі і беларусам у той складанай сітуацыі, у якой мы аказаліся, бо для іх гэтая сітуацыя вельмі зразумелая.
Прыйшла першая фура. Я ўжо не памятаю, здаецца, там было 15 тон. Гэта адзенне, ежа, розная гігіена. І зараз ужо прыйшло тры фуры ў Літву і адна прыйшла ў Варшаву. Яшчэ плануецца ў красавіку на працягу тыдня-двух дзве фуры – таксама адна на Варшаву і адна на Літву. І вось з гэтага ўсё і пачалося, як кажуць. Спачатку прыйшлі вось гэтыя фуры ў Літву, пасля мы зразумелі, што ўцекачоў менш, чым таго, што прыходзіць. Мы адправілі на Варшаву.
Пасля пачалі розныя людзі таксама штосьці прыносіць, абменьваць. Камусьці, напрыклад, непатрэбнае нейкае адзенне, яны прыносілі там дзіцячае добрае адзенне, проста выраслі дзеці. Камусьці аддавалі, хтосьці забіраў і там бралі іншыя. І вось зараз пачынае расці такая сетка арганізацый і ініцыятыў. Ужо ёсць у Варшаве склад “Побач”, які працуе разам з ксяндзом Барком і арганізацыяй “Дар”. У Вільні мы працуем з арганізацыяй “Дапамога”. Плануем яшчэ развіваць і на Латвію, бо ў Латвіі найбольш складаная сітуацыя, таму што беларускія ўцекачы ёсць, а дапамогі нашмат менш. Гэта ўсё так развіваецца, але, калі пачалася вайна ва Украіне, то далучылася дапамога і ўкраінскім уцекачам ад вайны. І вось зараз галоўны ўдар прыняла на сябе, канешне, Варшава. Таму што ўсе бягуць праз Польшчу, на сёння там больш 2 мільёнаў з Украіны. І мы адкрылі там усе склады і для ўкраінскіх уцекачоў таксама.
РР: А з якіх частак складаецца гэтая гуманітарная дапамога? Калі да вас прыходзіць чалавек, то чым неабходным вы яго можаце забяспечыць?
Вольга Карач: Першае, гэта тое, што ён можа ўзяць усё патрэбнае з ежы, адзення, пасцельнай бялізны. Калі ёсць мэбля, таксама, талеркі, лыжкі. Усё, што ёсць, і што чалавек лічыць, што яму падыходзіць, ён прыходзіць і бярэ. Я вельмі рэкамендую, беларускім ці ўкраінскім уцякачам прыходзіць не адзін раз, а некалі разоў, прыкладна раз на два тыдні, таму што, зразумела, што бяруцьі бяруць.
І калі чалавек з дзеткамі, то трэба прыходзіць раз за разам, не чакаць, што за адзін раз чалавек усё возьме, бо асартымент вельмі вялікі. Вось сёння, напрыклад, прасілі мыліцы ці хадункі, бо хтосьці зламаў ці руку, ці нагу. І гэта таксама ёсць. Ёсць і акуляры, як аказалася. Вельмі шмат людзей маюць патрэбу ў акулярах. Зараз у нас у офісе ў Вільні тры вялікіх каробкі з акулярамі, і людзі прыходзяць, прымяраюць і забіраюць. Таму што новыя акуляры – гэта дорага, а ўзяць і карыстацца – так прасцей. Таксама медыкаменты, канешне, не зусім такія цяжкія, пластыры, кропельніцы. Шмат такіх нават спецыялізаваных рэчаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя