Вольга Каракіна: затрымлівалі не прадстаўляючыся



Грамадскую актывістку Вольгу Каракіну, дзяўчыну палітвязня Зміцера Фурманава затрымалі ў Гародні 13 верасня падчас акцыі на вуліцы Горкага.

Пра тое, як дзяўчына была затрыманая, распавядае сама Вольга Каракіна:

– Так атрымалася, што я апынулася ў эпіцэнтры падзеяў. Праходзіла міма, бачыла кіпіш, пачаліся нейкія затрыманні, збіццё. Я апынулася ў цэнтры, да мяне падбеглі, таксама схапілі і павялі ў аўтазак.

РР:  Хто гэта рабіў?

– Яны цалкам былі ў абмундзіраванні, вельмі вялікія былі круглыя чорныя шлемы. Ні твару, нічога не было бачна, толькі па голасе я зразумела, што справа мяне вядзе жанчына. Яна вяла і пыталася, чаму нам не сядзіцца дома. Я не стала з ёй размаўляць.

Пасля затрымання дзяўчыну завезлі аўтазакам у Ленінскі РАУС Гародні:

– Не білі, нас вывелі і завялі адразу ў актавую залу, пасадзілі. Усіх было каля 55 чалавек, людзі скардзіліся на нейкія траўмы пры затрыманні.

РР: А ці бачылі вы, ці прыязджала хуткая, ці заходзілі да вас у залу медыкі?

– Не, у залу да нас медыкі не заходзілі.

На дзяўчыну склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і цяпер праз тэлефон спрабуюць выклікаць у пракуратуру, аднак Вольга Каракіна не пойдзе ў пракуратуру без позвы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча