Вольга Кашталян: Няма ў нас ні свабоды слова, ні справядлівага суда



Бярозаўская жыхарка Вольга Кашталян пакарана суддзём Бярозаўскага суда Дзмітрыем Кавалевічам штрафам шэсць базавых велічынь нібыта за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. 4 кастрычніка  Вольга разам з маці выйшлі на галоўную вуліцу Бярозы.

Жанчыны паспелі прайсці  па ходніках з кветкамі ў руках і невялікімі плакацікамі з надпісам: “Свабоду палітвязням!” усяго 11 хвілін. Пасля чаго іх затрымалі і да суда змясцілі ў ізалятар. Кажа Вольга Кашталян:

– Самі сведкі, якія мяне затрымалі нібыта за парушэнне закона, не могуць нават працытаваць сам гэты закон, які я парушыла. Няма ў нас ні свабоды слова, ні справядлівага суда.

Сябра праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі лічыць, што міліцыянты пераследуюць законапаслухмяных людзей, а Бярозаўскі суд чарговы раз прадэманстраваў, што з’яўляецца дэкарацыяй выканаўчай улады:

 – Супрацоўнікі міліцыі, якія фактычна пераследуюць людзей за палітычныя меркаванні, самі канкрэтна не ведаючы ні Закона пра масавыя мерапрыемствы, ні тых артыкулаў, па якіх складаюцца потым пратаколы. Два чалавекі ішлі па ходніках, гэта палічылі масавым мерапрыемствам.

Суддзя Кавалевіч пастанавіў вярнуць Вользе дарагі гадзіннік і сімку ад тэлефона, забраныя міліцыяй пры затрыманні. А сам тэлефон будзе пад арыштам у міліцыі, пакуль яго гаспадыня не заплаціць штраф.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя