Вольга Кавалькова: Гэта поўная дыскрымінацыя жанчын!
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова пракаментавала заяву, што служба ў арміі павінна стаць абавязковым патрабаваннем для жадаючых заняць пасаду прэзідэнта.
Са слоў кіраўніка Беларусі, гэтую норму можна прапісаць у новай Канстытуцыі. Такую прапанову агучыў Лукашэнка падчас наведвання 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады.
Вольга Кавалькова: Нягледзячы на заявы асобных людзей, што за ўладу пасінелымі пальцамі яны не трымаюцца, мы бачым, што праз такія заявы ў некаторых маецца вялікае жаданне знаходзіцца пры гэтай уладзе бясконца і абмяжоўваць у правах іншых грамадзян.
Я вельмі негатыўна стаўлюся да такой заявы, бо гэта поўная дыскрымінацыя жанчын. За такія заявы нават да адказнасці варта прыцягваць.
РР: Для жанчын не вельмі добрыя перспектывы вымалёўваюцца ў палітыцы. Трэба будзе ў армію ісці служыць, калі захочаш балатавацца ў прэзідэнты…
Вольга Кавалькова: Гэта настолькі абсурдная заява, што не хочацца яе нават і абмяркоўваць. А што, калі б жанчыны сказалі: “Давайце замацуем у Канстытуцыі палажэнне, што нараджэнне дзіцяці павінна стаць абавязковым патрабаваннем для жадаючых стаць прэзідэнтам Беларусі”.
Пасада прэзідэнта – гэта пасада чалавека, якія павінен арганізоўваць працэс кіравання краінай, каб усе галіны ўлады працавалі камфортна і гэтак жа камфортна жылі людзі. А што з таго, ці служыў ты ў арміі? Разумнейшым чалавек будзе пасля гэтага?
Таму не думаю, што гэты абсурд замацуюць у Канстытуцыі. Хутчэй за ўсё, гэта рэакцыя Лукашэнкі на аб’яднанне штабоў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, дзе руляць жанчыны, са штабам кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Як толькі жанчыны пачынаюць сябе паказваць, адразу гучаць заявы, пра тое, што жанчына – не для палітыкі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя