Вольга Хіжынкова – на волі (абноўлена)



Вольга Хіжынкова выйшла на волю пасля 42 дзён арышту.

Адразу пасля вызвалення з ёй паразмаўляла журналістка tut.by Аляксандра Квіткевіч, якая раней правяла з ёй 10 дзён у адной камеры і распавяла аб жудасных умовах яе ўтрымання.

– Раскажы, як ты сябе адчуваеш?

– Добра, цяпер вельмі добра, я сярод маіх сяброў. Я не падазравала, што ў мяне іх так шмат (смяецца).

– Як прайшлі апошнія тры тыдні?

– Я знаходзілася ў камеры з дзяўчынкамі, якія сядзелі паводле майго артыкула, пасля твайго сыходу да нас падсялілі расіянку, якую судзілі за сторыз у Instagram. Ёй далі 15 дзён (Гаворка пра расіянку, якая дзялілася відэа аб сілавіках у Instagram. – Заўвага.). Тыдзень таму ў нас у камеры адключылі ацяпленне, а ў камеры ў нас увесь час дзьмула з акна. Нам паправілі кран і ўнітаз, а потым забралі матрацы, нічым гэта не патлумачыўшы.

Мы спалі на падлозе, мы слалі на яе коўдры і захутваліся ў вопратку. На мне былі дзве майкі, два гольфы, тры байкі – усё, што было. У адной жанчыны праз гэта пачаўся цыстыт.

– Як табе патлумачылі твой раптоўны перавод у Жодзіна (нагадаем, Вольга практычна ўвесь тэрмін знаходзілася на Акрэсціна, а за пару дзён да вызвалення яе прывезлі ў Жодзіна)?

– Ніяк, проста перавезлі. У параўнанні з Акрэсціна Жодзіна мяне прыемна здзівіла. Зразумела, што на двух гэтых аб’ектах аднолькава строгія правілы, розніца толькі ў тым, што калі ў Жодзіне ты не будзеш іх парушаць, цябе не будуць тузаць, крыўдзіць.

– Ці не збіраешся з’язджаць з краіны?

– Я не хачу. Я хачу тут жыць, у мяне тут шмат сяброў, я нават не ўяўляла, наколькі шмат. Я нават не думаю пра гэта, я люблю сваю краіну, хачу тут жыць і працаваць.

* * * 

Сёння «Міс Беларусь – 2008» Вольга Хіжынкова выйшла на волю пасля 42 дзён арышту, паведамляе tut.by.

 

За дзень да сканчэння тэрміну арышту Вольгу Хіжынкову перавезлі з Менску ў Жодзіна.

Нагадаем, што беларускія праваабарончыя арганізацыі 14 снежня падалі ў пракуратуру Менска заяву з патрабаваннем правесці праверку па фактах катаванняў у дачыненні да Хіжынковай і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.