Вольга Кронда просіць дапамогі



Пакараная трохгадовым тэрмінам «хатняй хіміі» нібыта за абразу капітана Івацэвіцкага РАУС Руслана Куцко ў інтэрнэце маці-адзіночка Вольга Кронда вымушана выплаціць «пацярпеламу» 3000 рублёў. Нягледзячы на сціплы заробак, Вольга адмовілася прызнаць сябе вінаватай і публічна пакаяцца. Акрамя выплаты штрафа, Вользе патрэбна яшчэ на штосьці жыць з дзіцём.

Кажа Вольга Кронда:

– Малая хварэла, і я ў аптэцы пакінула амаль 80 рублёў. Цяпер  трэба купляць новыя акуляры. Заплаціла за садзік, за гурток. Трэба ісці да “зубнога”, на аднаго “зубнога” трэба пакінуць 70 рублёў. Хоць ты разарвіся.

Вольга просіць людзей стаць яе заказчыкамі, паколькі Івацэвічы – горад невялікі, людзі жывуць небагата, каму трэба былі гэтыя рэчы, узялі. А прадукцыя ў Вольгі сапраўды прыгожая.

Гаворыць Вольга:

– Вышыўка, ручнікі – па замове. Ёсць і гатовыя вышытыя, і на замову. Аксесуары для валос – павязкі, заколкі, гумачкі. Пачала шыць дзіцячыя і дарослыя шапачкі, павязкі, хусткі і маскі для дзетак.

Хто выкажа жаданне набыць у Вольгі рэчы і такім чынам дапамагчы смелай і годнай жанчыне, пішыце ёй у інстаграм.

Беларускае Радыё Рацыя