Вольга Мікалайчык: Хачу, каб мяне пачулі



Грамадская актывістка Вольга Мікалайчык распавяла, чаму яна адмаўляецца выплачваць штрафы за ўдзел у акцыях, і які лёс чакае яе жытло.

Вольга Мікалайчык Нагадаем, днямі Вольга Мікалайчык атрымала пастанову ад судовых выканаўцаў Першамайскага раёну Менску, якія наклалі забарону на права адчужэння прыватнага дому, дзе жыве жанчына.

Падставаю для накладання арышту на дом Мікалайчык судовыя выканаўцы палічылі нясплачаныя штрафы за ўдзел актывісткі ў шматлікіх мірных акцыях пратэсту – усяго на 5250 рублёў. Цягам года Вольга Мікалайчык брала ўдзел у пікетах дзеля падтрымання зняволенага блогера Эдуарда Пальчыса, актывісткі Ніны Багінскай ды іншых, інфармуе belsat.eu.

Вольга Мікалайчык: Мяне па сутнасці пазбавілі права распараджацца сваёй уласнасцю – зямлёй і часткай прыватнага дома ў цэнтры Менска. То бок, зараз я не магу свайго жытла ні прадаць, ні падарыць камусьці. А я яго да гэтага рэальна хацела прадаваць, каб набыць уласнасць у Кіеве, дзе ў мяне шмат працы. Але, пакуль неаплачаны штрафы, накладзена забарона на права адчужэння дома.

РР: Колькі агулам вам далі штрафаў у апошні час?

Вольга Мікалайчык: 230 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (каля 11.500 даляраў), на новыя грошы – гэта 23 тысячы. Недзе 18 тысяч ужо заплаціла, рознымі шляхамі знайшла гэтую суму. Але ў мяне застаецца неаплачаных больш за 5000 рублёў. І складанасць сітуацыі ў тым, што я больш не хачу карміць гэтую ўладу. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Канстытуцыя Беларусі гарантуюць мне права на мірныя сходы. Калі чытаеш Дэкларацыю правоў чалавека, якую стварыла ААН, то слёзы льюцца ад таго, якая пашана да чалавека. А ў нас чалавек – як быццам ніхто. Хаця мы – дзеці Бога, а не рабы. Таму маларэальна, але я хачу паспрабаваць дабіцца, каб у розных міжнародных структурах звярнулі ўвагу на тое, як сёння абыходзяцца ў краіне з дэмакратычнымі актывістамі. Уяўляеце, у людзей за іх погляды адбіраюць жытло! У Еўропе прыватная ўласнасць – гэта вялікая каштоўнасць. А у нас за кожны мірны пікет даюць вялізныя штрафы, а пасля накладваюць арышт на маёмасць. Такое стаўленне да сваіх грамадзян – проста непрымальнае. 

РР: На аукцыён ваша жытло не выстаўляецца?

Вольга Мікалайчык: Пакуль не, але нічога нельга выключаць. Наколькі мне вядома, спачатку будзе апісвацца маёмасць унутры жытла і найперш будзе прадавацца яна, каб кампенсаваць суму запазычанасці.

РР: А можа варта было б звярнуцца да грамадскасці, і людзі салідарна б сабралі грошы для аплаты вашых штрафаў?

Вольга Мікалайчык: Можна, натуральна, і так паступіць, але я хачу, каб праблему пачулі ў міжнародных арганізацыях. Можна плаціць нават за тое, што ты дыхаеш паветрам, але ж да якой ступені гэта будзе працягвацца? За што чалавек павінен плаціць, калі ён нічога не парушаў? Я хачу, каб мяне пачулі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя