Вольга Мікалайчык “у краіне ментоў”
Грамадская актывістка, удзельніца бадай усіх яскравых палітычных акцый пратэсту Вольга Мікалайчык плануе пачаць, як кінадакументалістка, працу над трэцім фільмам праваабарончага цыклу з яскравай назвай “Беларускі спрут”.
Ён будзе называцца “Алеся ў краіне ментоў” і прысвечаны лёсу простай прадавачкі з Маладэчна, што адна выйшла супраць адпрацаванага механізму рэпрэсій.
У стварэнні кіно пагадзілася дапамагчы кіраўніца грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Вольга Карач. Кажа Вольга Мікалайчык:
– Прысвечана стужка Алесі Садоўскай. Гэта маладая 30-гадовая жанчына з Маладэчна. У навагоднюю ноч у кавярні ў яе прапаў дарагі тэлефон. Яна падыйшла да міліцыянтаў і папрасіла ў іх прыняць заяву. Яны адмовіліся. Алеся сказала, што паскардзіцца ў пракуратуру. Яе збілі, скруцілі ў „ластаўку”. І калі яна пачала справу супраць гэтай банды маладэчанскіх ментоў, яе змясцілі ў „псіхушку”, 8-гадовую дачушку здалі ў прытулак. І вось мы сталі ў абарону гэтай мужнай жанчыны.
Тым часам, Вользе Мікалайчык і яе паплечніку Максіму Венярскаму прыйшлі штрафы ў 40 базавых велічынь, што складаюць па 8 млн 400 тысяч беларускіх рублёў, “за правядзенне несанкцыянаванага пікетавання, што выявілася ў размяшчэнні плакатаў ля манумента “Плошча Перамогі”.
На іх было напісана: “Дзе Ганчар?”, “Дзе Захаранка?”, “Дзе Красоўскі?”, “Дзе Завадскі?”.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск