Вольга Нікалайчык пра ўцёкі, Беларусь і Ціханоўскую



Беларуская кінадакументалістка Вольга Нікалайчык збегла ў 2021 годзе ў Бельгію, дзе чакае статусу бежанкі. Да бежанства яе прымусіла цяперашняя ўлада, якая прэсавала Вольгу шмат гадоў яшчэ да 2020 года.

Пра тое, як жывецца жанчыне ў эміграцыі і пра шмат іншага, мы паразмаўлялі з Вольгай Нікалайчык у нашай перадачы „Госця Рацыі”:

РР: Дзе вы зараз знаходзіцеся?

– У дадзены момант я знаходжуся ў Антверпене – гэта Бельгія. Тут я пражываю ў лагеры для ўцекачоў, ужо каля году.

РР: Чаму так зацягнуўся гэты працэс?

– Справа ў тым, што ў мяне была польская віза. Калі я прыехала ў Брусель, то адразу атрымала штамп, што па мне будзе „дублінскі працэс” – гэта паўгады ты сядзіш і чакаеш, забярэ Польшча да сябе ці бельгійцы пакінуць у сябе. Мне адразу сказалі: „Мы хочам пакінуць вас у Бельгіі, але гэта непазбежна, чакаць паўгады. Такая працэдура”. Я дала так званае „інтэрв’ю”, пераправіла ўсе свае дакументы. Зараз я чакаю гэтага статусу, але па шчырасці гэта часовы статус для мяне. Я не збіраюся ўладкоўвацца і пускаць карані ў Бельгіі. Я ўжо занадта старая, каб пачынаць новае жыццё ў іншай краіне. Я вяртаюся на Радзіму ў любым выпадку. Я хачу пасля рабіць нашу Радзіму краінай нашай мары.

РР: Чаму менавіта Бельгія, а не Польшча?

Я, калі ўцякала ад турмы, я з двума сабачкамі пад пахай і з ноўтбукам, які правезла ў самалёце іншая жанчына, я не мела візы. Усе амбасады ў Беларусі былі зачынены, быў такі перыяд. Гэта быў травень 2021 года, пасля 9-га траўня я з’ехала, бо не магла нідзе з’явіцца, бо пільнавалі паўсюль. Я памяняла дзевяць кватэр, было напружана. Я ведала, што мяне чакае турма, канкрэтны тэрмін. Я прыляцела самалётам у Сербію, бо там непатрэбная віза. З Сербіі я паехала з сабачкамі ў Мантэнегра (Чарнагорыя – рэд.), там беларусам таксама непатрэбныя візы. І ўжо толькі ў Мантэнегра я на працягу шасці месяцаў я зрабіла сабе візу ў Польскай амбасадзе. Ляцець з сабакамі з Мантэнегра не бралі. Мае сябры-беларусы ў Бельгіі сказалі: „Слухай, у цябе такая сітуацыя, ні грошаў, ні працы, сабакі. Едзь да нас, мы цябе пададзім адразу ў лагер, сабак тваіх патрымаем у сябе”. Бо з жывёламі ў лагер нельга. „Пасля гэтага ты атрымаеш хоць нейкі статус і будзеш мець магчымасць працаваць. Прыехала, атрымала аранжавы пашпарт і магчымасць працаваць. Я папрацавала, сарвала спіну, на ровары ўначы дабіралася зімой, падала на хуткасці, некалькі разоў пад машынай пабывала. Такі добры досвед я лічу.

РР: Якія ўмовы ў лагеры?

Каб параўнаць, то гэта такі савецкі летнік. Стаяць вагончыкі. У мяне ў пакоі дзве жанчыны з Самалі, адна з Бурундзі. Мы сябруем. Мой пакойчык метраў восем, чатыры ложкі, чатыры шафы металічныя, на калідоры прыбіральня. Кухні няма, ёсць так званы „рэстаран”, дзе тры разы на дзень харчуешся бясплатна. Садавіну, гародніну даюць. Усё сціпла, але смачна. Там у асноўным афганцы, афрыканцы, палесцінцы. З СНГ не шмат, малдаванкі, цыганкі, грузіны ёсць. Толькі па-ангельску можна размаўляць. Асістэнты вельмі добрыя. Гэта пад Антверпенам гэты лагер, там нас недзе 400 чалавек. Можна пакідаць лагер, дзесяць дзён можна адсутнічаць, але не больш трох дзён запар. Калі не працуеш, не ўладкаваны, ты ўнутры лагера робіш усю працу за малую аплату. Але людзі працуюць, каб набыць дзецям шакалад, мужчынам цыгарэты, на гэта хапае…

РР: Адным словам незайздросна.

– Усё параўнальна. Калі я думаю, што на Радзіме, у нашым канцлагеры пад акупацыяй, я лічу, што мяне Бог проста выратаваў. Я гуляю па вольнай, дэмакратычнай Бельгіі, у мяне з’явіліся тут добрыя сябры, і наша беларускае атачэнне. Я ўдзячна лёсу, бо гэта не параўнаць. Жахлівы, страшны час.

Поўнасцю размова ў далучаным файле:

З „Госцяй Рацыі” Вольгай Нікалайчык размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.

Беларускае Радыё Рацыя