Вольга Нікалайчык: Я не з’ехала ў эміграцыю



Кінадакументалістка і грамадская актывістка Вольга Нікалайчык распавяла пра сваё жыццё ва Украіне.

Нагадаем, што за ўдзел у шматлікіх акцыях пратэсту Вользе Нікалайчык налічылі ў апошні час шмат штрафаў. Часткова запазычанасці яна заплаціла, але вымушана была з’ехаць жыць і працаваць ва Украіну.

Вольга Нікалайчык: Пакуль у Кіеве часова ўладкавалася ў знаёмых. За некалькі тыдняў, што была ва ўкраінскай сталіцы, паспела даць некалькі інтэрв’ю, знялася ў фільме пра беларускую мову, напісала аповед і сустракалася з вялікай колькасцю сваіх знаёмых. Хачу яшчэ раз нагадаць, што я не з’ехала ў эміграцыю, і падчас нейкіх значных падзей у Менску буду сюды прыязджаць. Увогуле, вельмі цікава жыць на дзве краіны, бо можна параўнаць два абсалютна розныя лады жыцця.

РР: Як вам бачацца гэтыя лады?

Вольга Нікалайчык: Калі вяртаюся ў Менск, то бачу савецкі горад. А ў Кіеве жыццё віруе і б’е напоўніцу, нягледзячы на тое, што недзе ў краіне працягваюць страляць. Яшчэ хачу сказаць, што ў тым жа Кіеве вельмі шмат працы. У тым ліку, і ў маёй сферы. Я ведаю, колькі ва Украіне праблем, але людзі ўсё роўна падымаюць краіну ў еўрапейскім кірунку. Дарэчы, сустракалася ў Кіеве з беларусамі, якія там жывуць і працуюць, мы хочам разам ствараць моцную супольнасць, каб разам праводзіць нейкія мерапрыемствы, прысвечаныя беларуска-ўкраінскай салідарнасці. Адным словам, працы хапае, не шкадую, што з’ехала.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя