Вольга Нікалайчык: Яны яшчэ доўга не дачакаюцца маёй “лебядзінай песні” ў Менску
Яе называюць Пасіянарыяй апазіцыйных мітынгаў і дэманстрацый, якія яна зазвычай не прапускае і дзе яе бачна. Не толькі для паплечнікаў – за апошнія два гады яна атрымала 27 сутак рэальных арыштаў за кратамі ды на 8 тысяч даляраў штрафаў ад нашай “гуманістычнай” дзяржавы.
І пры гэтым умудраецца не кідаць галоўнай справы жыцця – кіно, якім займаецца ўжо дзесяцігоддзі. Пачынала, у тым ліку, прадзюсарам у “Аазісе” пра Чарнобыль і нашумелым “Звычайным прэзідэнце” Юрыя Хашчавацкага. Цяпер сама на ўсе рукі майстар – зняла і зрабіла фільмы пра Курапаты, пра трагічны лёс наваполацкай праваабаронцы Яны Паляковай “Забойства напярэдадні зімы”. Праўда, тры фільмы ў адзнятым выглядзе ляжаць на паліцы, бо для яе тут не знаходзіцца грошай на іх мантаж. Гэта таксама адна з прычын, што прадае хату і з’язджае ў Кіеў. Ці назаўжды? Даведаемся таксама і пра шмат іншага са спавядальнай сустрэчы з Вольгай Нікалайчык.
Вольга Нікалайчык: Днямі падтрымлівала ў судзе сваіх паплечнікаў-сяброў Маю Навумаву, грамадскую жонку Леаніда Кулакова. Як зазвычай, у час сённяшніх судзілішчаў ўсё брыдка – ходзяць ілжэсведкі, міліцыянты здымаюць усё на камеры. Я іх – таксама. Тыя мне: «Хто вам дазволіў?» – «Дык вам можна, а мне не?! Нават пытацца ў вас не хачу, бо вы павінны быць “слугамі народа”, а суд месцам, дзе мусіць панаваць закон, а не вашы судзілішчы!» І чаму, кажу, вы не знайшлі тых, хто забіў Захаранку?! А Мая тым часам будзе сядзець у карцары на Акрэсціна, дзе вошы, кароста, нельга перадаць ані садавіны з гароднінай, ані кавалка сыра!
РР: Вольга, мы пазнаёміліся, калі разам працавалі ў 90-х над дакументальным кіно “Аазіс” пра Чарнобыль. І ўвогуле тады займалася выключна кіно. Як і калі адбыўся той момант, калі акунулася ў мітынговыя і праваабарончыя жарсці?
Вольга Нікалайчык: Я не ваяр і не вайсковец. Проста калі бачым, што няма праўды, мусім выйсці і шукаць яе. І крычаць – хочам, каб працаваў закон!
Акурат пасля “Аазіса” Пётра Марцаў запрасіў працаваць разам з Юрыем Хашчавацкім над нашумелым “Звычайным прэзідэнтам”, дзе засвяцілася ў цітрах як выканаўчы прадзюсар. Пасля ў “іх” краіне я была перакрыжаваная як асоба і ў той жа “легальнай” кінакар’еры. Дзе б не ўладкоўвалася, хутка прыходзіў шэры кардынал з КДБ і “прасіў” мяне звольніць.
Так знішчылі і мой фестываль экалагічнага кіно, які прыдумала і, бадай, за свае грошы рабіла. Дзе былі госці з усяго СНД, ЗША, Польшчы, Чэхіі і нават з Індыі. Пасля і мусіла абраць шлях пошуку праўды. Хоць не выключаю, што рабіла на ім памылкі, бо не Маці Тэрэза, не анёл і не прафесійны юрыст. Але ніколі не хавалася ані ў цітрах, ані ў жыцці. Таму апошнія два дзесяцігоддзі жыла, як на парахавой бочцы.
Сілавыя структуры глуміліся не толькі над маім лёсам, але і роднымі. Як распачынала фільм пра катаванні, Курапаты альбо пра Аўтуховіча, тут жа мае маленькія пляменнікі, якіх выхоўвала, пачыналі раптоўна хварэць на мяжы жыцця і смерці ў шпіталях. Дарэчы, маці там увесь час пасля “Звычайнага прэзідэнта”. Бо ў яе псіхічна-нервовыя зрывы пасля катаванняў над нашай сям’ёй. А да сястры напярэдадні 8 сакавіка ўваліліся 8 чалавек, устроілі вобшук, грамілі хату і раўлі: “Дзе тут нарката?” Гэта было за 4 дні да адной з маіх пасадак, калі напярэдадні мусіла публічна прысягнуць на вернасць Беларусі. Сястру з мужам, іх 20-гадовую Машаньку пасля звольнілі з працы. Яна ўсур’ёз думае перабрацца ў Балгарыю, бо прафесійны ветэрынар і хоча займацца працай. А тут нічога не свеціць, бо я, яе родны чалавек, у краіне тыраніі на першай лініі агню.
Самае страшнае, што для мяне няма працы і мы з катом галадалі. Дзякую тым нешматлікім, хто падтрымліваў і самі апошнім дзяліліся. Ніна Багінская, у якой арыштаваная і канфіскаваная маёмасць, – а яна прыносіць яблычкі, грыбкі, журавінкі. Глядзім адна на адну – а як нам абодвум дапамагчы, але адчуваем якія вольныя і чалавечныя! Зараз паеду ва Украіну на заробкі – не жыць, а як прадзюсар і рэжысёр. Хачу рабіць па сваіх аповедах “кароткаметражкі” – ва Украіне гэта магчыма. Але буду вяртацца, каб дапамагаць свайму народу змагацца.
РР: На Украіну едзеш паводле прафесіі?
Вольга Нікалайчык: Так, і гэта асноўная прычына. Канешне, можна было б таемна пайсці мыць падлогі ці прадаваць грыбы летам, каб КДБ не бачыла, што зарабіла капейчыну. Ё-маё, але чаму я павінна гэтым займацца, калі ўжо рэжысёр, прадзюсар, аўтар кіно?! І магу рабіць міжнародныя кінафестывалі – дарэчы, спадзяюся ў Кіеве рабіць фэсты беларускага кіно.
Тут ужо няма сіл яшчэ і ад таго, што бачыш, як народ не падняўся і на мітынгу няма нават 100 тысяч, а ў судзе над праваабаронцамі па тры, а не па трыста чалавек. Стамляюцца і Мікола Статкевіч, і Павел Севярынец, усе-усе. Бо жывём яшчэ і не тым жыццём як аднагодкі-еўрапейцы, якія радуюцца, ходзяць у тэатры, на канцэрты, у кафэшкі. А мы малой колькасцю б’ёмся аб сцяну аголенымі душамі, а калі становіцца крыху больш – выклікаюць на нас людзей з аўтаматамі, якія гатовыя страляць па загадзе. Пасля яшчэ і кажуць – ваша шчасце, што на 25 сакавіка не было загаду, а мы былі гатовыя спусціць куркі. Я ім у адказ: «Вы ўсё маеце, таму што ў пагонах і, служачы Яму, атрымалі халяву ў гэтай краіне. Але некалі і на вас прыйдзе новы Захаранка, і вы ведаеце, што з вамі будзе!”
Часам хочацца, як у спектаклі свабоднага тэатра, выйсці аголенымі і стаць на прыступках КДБ са словамі Леанарда да Вінчы: „Я Чалавек!” І каб усе пабачылі, што гэта апошняе, што можна зрабіць. Бо законы не працуюць ніякія, моладзь памірае ад анкалогіі, якасць жыцця да такой ступені нізкая, што тыя ж прадукты ў Літве і Нямеччыне ўдвая таннейшыя, пры тым што ў іх заробкі і пенсіі не 100 даляраў, як тут. Таму і ідуць ланцугамі купляць тыя чарнілы ды спірт малаякасны ад маладога да старога, каб не бачыць сённяшняга беларускага “шчасця”. У мяне, дарэчы, ёсць фільм “Пыткі. Апакаліпсіс” акурат пра гэта. Таму я вельмі хачу вас усіх – беларусаў, замежных гасцей сталіцы – запрасіць на Дзяды. Дзе прыгадаем сваю сапраўдную і гістарычную існасць. Каб мы выйшлі з плакатамі сённяшніх палітзняволеных – Жамчужнага, Паліенкі, Валавіка, Мілюкова, Тараса Аватарава. І са сцягамі нашымі пайсці да магілаў – памаліцца, пакланіцца годным нашым продкам. І паказаць тым, хто сядзяць у Драздах, ды іх халуям, што мы – народ. І мы жывём, каб быць. Жыве Беларусь!
Больш падрабязна – у далучаным гукавым файле.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск