Вольга Нікалайчык: Закінулі ў ШІЗА, забралі ўсе рэчы



Рэжысёрка і актывістка Вольга Нікалайчык учора (7-га ліпеня) нечакана выйшла з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў, што на вуліцы Акрэсціна ў Менску.

Там яна правяла 30 сутак, а ўсяго апошнім часам пасля чатырох судоў яна атрымала 58 сутак: за ўдзел у стрыме з Ціханоўскім, а таксама за ўдзел у пікетах па збору подпісаў. 22 дні са свайго арышту яна правяла ў штрафным ізалятары:

– У мяне не было адчування, што мяне сапраўды вызваляць, бо нішто пра гэта не сігналіла. У мяне не было ніякіх ілюзіяў, я была ўпэўнена, што буду даседжваць 28 сутак. Адчування, што вызваляць, не было, я думала проста перавядуць у іншы будынак з ІЧУ на ЦІП, надзеі было мала. Я здзіўлена, што мяне выпусцілі, я была настроена сядзець. 

РР: З якімі словамі вас выпускалі ці моўчкі?

– Ні з якімі. Там увогуле настолькі было ўвесь час сакрэтна, нейкі быў такі флёр сакрэтнасці, нібыта мы іншапланетнікі. То бок паўнейшая ізаляцыя, ШІЗА карцар – 22 сутак агулам, калі палічыць. Вывелі на прагулку на 23 дзень. 30 дзён не было лазні, 29 дзён не давалі расчоску. Учора старэнькая зайшла з расчоскай, я ўбачыла, ва ўсіх забіралі ў маёй камеры, я ў агульнай камеры была апошнія дні. Я кажу: „Дайце расчасацца”. Я залезла пад шконку ад камеры, расчасала першы раз за 30 дзён валасы. 

РР: Вас у ШІЗА пасадзілі на які дзень?

– Адразу пасля суда. Я адна зайшла ў чатырохмесную камеру, памыла камеру – рукамыйнік, падлогу. Пачакалі пакуль я памыла камеру, закінулі ў ШІЗА, забралі ўсе рэчы. Пінжак паспела схапіць, бо калі я зайшла, я зразумела, што там холад і цвіль, шконка прыбітая да сцяны. Я зразумела, што там лядоўня ноччу будзе, тым больш былі навальніцы, дажджы, было сапраўды халодна. Я з рук у іх вырвала пінжак, кофту і шкарпэткі.

РР: Вам патлумачылі, што вы парушылі?

– Не, яны проста запіхнулі. Я думала два-тры дні, павучыць вырашылі. Пасля праз паўгадзіны прывялі Севярынца, ён пытае: „За што?”. Я не пыталася за што, а ён жа ведае, што гэта нельга рабіць, ён больш дасведчаны. Ён кажа: „Гэта крымінальнікам, якія на зоне парушэнні маюць.” Я крычу яму: „Паша, я тут!”. Я зразумела, што такое карцар, ШІЗА, бетонныя сцены, цвіль, холад. Я на трэція суткі зразумела, што гэта надоўга. Я зразумела, што я напэўна буду сядзець, бо я звязала гэта з крыміналкай. Думала, што буду сядзець доўга, прынамсі ўсе гэтыя суткі. Я разумела, дзе я знаходжуся і што яны з намі будуць рабіць, рэпрэсіі ёсць рэпрэсіі, усе ведаюць на што яны здольныя. 

Разам з Вольгай Нікалайчык вышла і актывістка Вераніка Мішчанка пасля 30-ці сутак арышту. Чакалася, што магчыма выйдзе і Павел Севярынец, але гэтага не адбылося. А потым стала вядома, што сёння (8-га ліпеня) над Севярынцам чакаецца яшчэ адзін суд.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск