Вольга Павук: Раён асірацеў на гэты перыяд
Відэаблогер з пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці Андрэй Павук правядзе 15 сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Яго асудзілі за відэаздымку на адным з выбарчых участкаў, якую кваліфікавалі як дробнае хуліганства.
Былая жонка актывіста Вольга Павук перакананая, што стваральніка «Рудабельскай паказухі» ізалявалі на перыяд выбараў спецыяльна, каб не даць яму асвятляць падзеі:
– Каб на 9 жніўня яго тут не было, і да таго ж, напэўна, вельмі ўдачна. Таму што рэакцыя людзей пасля выбараў будзе яшчэ працягвацца некаторы час. А Павука не будзе. Я лічу, што наш раён проста асірацеў на гэты перыяд. Я заўжды на яго спадзяюся, на гэтыя рукі, што ён не дасць, каб адбылося штосьці дрэннае. Ён заўжды гэта ўсё засведчыць. Дзеля гэтага я яго і паклікала на ўчастак, бо я не ведала, як яны сябе будуць паводзіць.
Андрэй Павук дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання горада Калінкавічы. Паплечнікі блогера заклікаюць грамадзянаў праявіць салідарнасць з арыштаваным.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com