Вольга Радзюк: Мы адчуваем адказнасць за чытачоў і за наяўнасць незалежных СМІ
Ужо месяц, як у Віцебску паралельна існуюць два інтэрнэт-рэсурсы з падобнымі назвамі – “Витебский курьер” і “Витебский курьер news”. Цягам 6-ці гадоў рэдактаркай першага была Вольга Радзюк – да продажу выдання, якое належала вядомай грамадскай дзяячцы Волгі Карач, новаму ўладальніку. Аляксей Шаблоўскі жыве ў Менску і стварае новы рэдакцыйны калектыў, у тым ліку і з віцебскіх аўтараў. Старая “каманда” сышла разам з рэдактаркай, бо паразумення з новым гаспадаром не атрымалася…
Але засталася адказнасць за чытачоў, за ўдзел у іх лёсах і за тое, каб у Віцебску не стала меней на адно незалежнае выданне, кажа Вольга Радзюк:
– Мы лічым, што павінны працягваць дэмакратычныя традыцыі папяровага выдання “Витебский курьер”, якое шмат гадоў існавала ў Віцебску. Некалі, праз недахоп фінансаў, газета спыніла сваё існаванне, і тады быў створаны сайт, які я рэдагавала 6 гадоў. Нашай “фішкай” заўсёды былі аўтарскія матэрыялы на сацыяльныя, краязнаўчыя, культурніцкія тэмы. І паколькі прададзены “Витебский курьер” стаў звычайны агрэгатарам навінаў, пераважна з БЕЛТА, мы вырашылі стварыць новы сайт з падобнай назвай. За першы месяц існавання мы дасягнулі шмат: штодзённая колькасць наведнікаў нашага “Витебского курьера news” складае ўжо 10 тысяч.
Рэдактарка кажа, што журналісты гатовы нейкі час працаваць задарма дзеля далейшага развіцця рэсурса, і што іх падтрымліваюць энтузіясты-кампутаршчыкі, якія займаюцца тэхнічным бокам сайта.
Цалкам гутарку з рэдактаркай новага інтэрнэт –СМІ “Витебский курьер news” Вольгай Радзюк слухайце ў далучаным файле:
Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя