Вольга Саламатава: Адвакатура ў Беларусі канчаткова страціла незалежнасць
Адвакатура ў Беларусі „канчаткова страціла незалежнасць”. Пра гэта заявіла каардынатарка міжнароднай праграмы Хельсінкскага фонду па правах чалавека Вольга Саламатава падчас анлайн-сустрэчы ў рамках 47-й сесіі Рады па правах чалавека ААН. На думку эксперта, адвакаты пазбаўляюцца права на прафесію за тое, што спрабуюць „ажыццяўляць свае прафесійныя абавязкі настолькі поўна, наколькі гэта магчыма, і быць актыўнымі ўдзельнікамі працэсу”.
„Каб паўплываць на сітуацыю, неабходныя ў далейшым сур’ёзныя заканадаўчыя рэформы, якія вернуць адвакатуры незалежнасць і якія дадуць адвакатам магчымасць функцыянаваць так, як гэта прынята ў еўрапейскай прававой дзяржаве”, — адзначыла Саламатава. Пры гэтым яна падкрэсліла, што пераследуюцца не толькі адвакаты, але і юрысты-праваабаронцы, некаторыя з іх знаходзяцца пад вартай, у тым ліку тыя, хто непасрэдна ўзаемадзейнічаў з механізмамі абароны правоў чалавека ААН, — праваабаронца Леанід Судаленка, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і юрыст офіса Алег Граблеўскі.