Вольга Саламатава: Існуе крызіс сістэм правоў чалавека
“Цяпер існуе крызіс сістэм правоў чалавека. І ад кожнага з нас залежыць, ці зможам мы гэтую сістэму захаваць і ўтрымаць”. Так выказалася прадстаўнік Хельсінскага фонда па правах чалавека ў Варшаве, каардынатар праектаў Вольга Саламатава на сустрэчы з незалежнымі журналістамі. Візіт адбыўся ў межах восьмай Школы талерантнасці для беларускіх журналістаў.
Паводле Вольгі Саламатавай, цяпер існуе шмат розных выклікаў, праблемаў і задач. І трэба працаваць над тым, каб мяняліся да лепшага і грамадзянская супольнасць, і краіна ў цэлым:
– Правы чалавека – гэта той мінімум, які важна ўтрымліваць і старацца гарантаваць, бо толькі яны даюць магчымасць суіснавання і ўзаемадзеяння паміж краінамі. Можна сказаць нават так, каб мы заставаліся людзьмі, адкрытымі да рознага. Пакуль не прыдумана іншай сістэмы. Рэлігіі розныя, культуры розныя, успрыняццё свету рознае, кантыненты розныя ўрэшце, але пры гэтым людзі здолелі дамовіцца.
Паводле Вольгі Саламатавай, для Польшчы, як і для іншых еўрапейскіх краін, вельмі актуальная тэма бежанства і міграцыі. Таксама нядаўна паўстала яшчэ адна праблема, якая закране і Беларусь, – магчымы выхад Расеі з Савета Еўропы.
Існуе дылема паміж праваабарончай супольнасцю, нават расейцы падзяліліся на дзве часткі. Адныя выказваюцца за тое, каб прымусіць Расею паважаць правілы Савета Еўропы, іншыя за тое, каб нейкім чынам з ёй дамаўляцца. Існуе небяспека, што выхад Расеі з Савета Еўропы пацягне за сабой і вяртанне смяротнага пакарання ў краіне, і шэраг іншых праблем.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя