Вольга Севярынец: Гэта самы сапраўдны здзек над чалавекам!



Жонка палітыка Паўла Севярынца распавяла пра тое, у якіх нечалавечых умовах адбывае пакаранне яе муж.

Нагадаем, што зараз Павел Севярынец адбывае пакаранне ў сталічным Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў за знаходжанне 7 чэрвеня на пікеце па зборы подпісаў (“удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве”). Але і за кратамі яго працягваюць судзіць.

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна адбыўся чарговы разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Севярынца. Судзілі за тое, што Павел прымаў 30 мая ля Камароўскага рынка ўдзел у мітынгу па-за пікетамі па зборы подпісаў. У выніку палітык атрымаў яшчэ 15 сутак адміністрацыйнага арышта.

РР: Колькі агулам сутак ужо выпісалі Паўлу?

Вольга Севярынец: З сёняшнім прысудам – 55 сутак. Раней была іншая інфармацыя пра 75 сутак (а з сёняшнім прысудам было б ужо 90), але яна не спраўдзілася. Проста паведамленні паступалі не праз адвакатаў, а праз тых, хто выходзіў з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў і атрымаўся “сапсаваны тэлефон”. Хаця ўсе ўжо і насамрэч заблыталіся падчас гэтага судовага канвеера.

РР: Зараз ён знаходзіцца ў карцары?

Вольга Севярынец: Па той інфармацыі, што ёсць, у карцары Павел ужо 10 дзён. Гэта памяшканне 3 на 3 метры, без вокнаў. Фортка выходзіць ва ўнутраны дворык. Яму прыносяць турэмную ежу, але піць практычна не даюць.

Вада ў памяшканні адключана – няма не ў ракавіне, ні ў прыбіральні. На прагулкі не выпускаюць. Чаму трымаюць у карцары – не кажуць. Акрамя таго, забралі асабістыя рэчы. У мужа нічога няма – ні зубной шчоткі, ні мыла, ні асадкі.

Ноччу вельмі холадна, бо фортку закрыць немагчыма, таму Павел прачынаецца і робіць нейкія фізічныя практыкаванні, каб крыху сагрэцца. І матраца няма, таму спіць на голых нарах. Гэта самы сапраўдны здзек над чалавекам!

РР: Наперадзе яго чакаюць новыя суды?

Вольга Севярынец: Так, зараз ён сядзіць за пікет 7 чэрвеня, але ёсць яшчэ пратакол за 7 чэрвеня за нейкі заклік.

РР: Перадачы не прымаюць?

Вольга Севярынец: Не прымаюць з 10 чэрвеня. Сёння спрабавала таксама перадаць, але ізноў не прынялі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Новы Час