Вольга Севярынец: Паша піша кнігу пра сям’ю, кодавая назва пакуль „Воля”



Усё спазнаецца ў параўнанні. Раней я казала: „Паша, не ідзі, цябе пасадзяць на 15 сутак, гэта ж паўмесяца, як я буду без цябе”. А сёння яго няма ўжо паўгады. Калі бачу яго нумар у тэлефонным спісе, здзіўляюся. Пара ўключаць рэжым доўгацярпення. Нам усім.

За гэты час ён 74 дні правёў на Акрэсціна. Два месяца быў у карцары, пра які зараз распавядае Дашкевіч — памерам 2 на 3 метры, без вады, душа, прагулак, кніг, лістоў падтрымкі. Чалавек, які сядзеў насупраць карцара і праз шчыліну мог бачыць, што там адбываецца, казаў: „Паша паходзіць з кута ў кут, пакалупае сценку, памахае рукамі, пастаіць, вось і ўсе заняткі”.

Паша пісаў, што калі вялі яго на Валадарцы на першы допыт, то праводзілі міма камеры, дзе ён 20 год таму пакаяўся, такі моцны знак для яго. Кажа — усё ўзгадалася з новай сілай і верай.

Следчы працэс на Валадарцы зараз выглядае — ніяк. Адзіныя сустрэчы са следчым — гэта паведамленне пра працяг меры ўтрымання. Працяг на два месяцы. Паша і яшчэ 160 цудоўных людзей закладнікі гэта бесаўскога рэжыму.

Паша кажа — рыхтуйся да горшага, каб жыццё было прыемным сюрпрызам. А яшчэ кажа, што сваю ўпартасць за гады сутак ён навучыўся ператвараць у цярплівасць. Дык вось нам, беларусам, вельмі трэба сёння нашу славутую цярплівасць ператварыць ва ўпартасць.

Яму прыйшло ўжо больш 500 лістоў, адказаў ён больш чым на 400. Калі вам не даходзіць адказ, пазначце тут адрас, ён сам вам напіша, я перадам кантакты.

Яго камера знаходзіцца паміж карцарам і кавіднай камерай. Меры перасцярогі прымаюцца, але ўсё роўна думаю і думаю аб гэтым.

За тыдзень цудоўныя салідарныя беларусы выкупілі палову наклада яго „Люблю Беларусі”. Дзякуй вам, сябры! Ваша падтрымка неверагодная, сапраўды. Зараз Паша піша кнігу пра сям’ю, кодавая назва пакуль „Воля”. Будзеце чытаць?

Набліжаецца Пашын дзень нараджэння — ён 30 снежня. Думаю, ужо можна пачынаць віншаваць, бо вялікая верагоднасць, што бліжэй да даты паштоўкі проста не перададуць.

Ён перадае ўсім падзяку і прывітанні. Мы вельмі ўдзячныя вам за падтрымку, дапамогу, падарункі, час. Вы ўсе вялікая каштоўнасць для нас. А разам мы і ёсць тым цудам, якога так чакае Беларусь.

facebook.com