Вольга Скрашчук: КДБ катаваў нас дэпрывацыяй сну
Сённяшні госць Беларускага Радыё Рацыя – Вольга Скрашчук, былая палітзняволеная па «справе Зельцэра».
Гутарым з ёй пра ўмовы ў беларускай турме, эміграцыю, вызваленне і новы бізнес у Варшаве. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.
РР: Як вы апынуліся ў эміграцыі і праз што вам давялося прайсці ў Беларусі?
— Мяне затрымалі па справе Зельцэра ў 2021 годзе, потым было Акрэсціна, выхаваўчы каранцін на 48 дзён у Жодзіне, потым быў год турмы ў Жодзіне, вялося следства, потым быў суд.
Я была на Валадарскага, і адтуль пасля суда мяне адправілі ў СІЗА Гомеля №3 – мне прызначылі два гады пазбаўлення волі за каментар. І я адтуль вызвалілася, бо два гады пазбаўлення волі ўжо прайшлі, бо суткі ў СІЗА залічваюцца як дзень за паўтара.
16 месяцаў я прабыла ў гэтых СІЗА, і я выйшла і стэлефанавалася з тымі дзяўчынкамі, з якімі мы апынуліся ў гэтай сітуацыі цяжкай. Яны ўжо выйшлі, кагосьці ў судзе адпусцілі, хтосьці там крыху дасядзеў, каму два гады далі, і яны сказалі, што ў іх ва ўсіх падпіскі аб нявыездзе за мяжу. Падпіскі тэрмінам на два гады – матывавалі тое тым, што гэта пагроза нацыянальнай бяспецы іх ад’езд, і яны таму сядзяць пад наглядам далей.
Такога дазволіць я сабе не магла. Калі я выйшла, даведалася, што ў мяне дзіця было ў рэанімацыі. На два тыдні яно захварэла моцна, бо не было мамы. І я з гэтым інгалятарам, дзіця пад паху, сабралі валізкі з мужам, увечар прынялі рашэнне і раніцай ужо ехалі да Расеі. На машыне праз Расею, Арменію, Грузію. У Грузіі мне зрабілі візу – Беларускі дом у Варшаве памог. І потым я ўжо апынулася ў Варшаве.
РР: Вам давялося прайсці затрыманне і тэрміны ў СІЗА. Як яно адбілася на здароўі псіхічным, фізічным. Я памятаю жахлівыя навіны, што людзей, затрыманых па справе Зельцэра, трымаюць у каранціне без сродкаў гігіены, без зменнай вопраткі. Як гэта было і як вы сябе цяпер адчуваеце?
— Так, гэта быў каранцін, нас ахоўвалі КДБ, нават не жодзінскія. Нас трымалі і сапраўды, хай без сродкаў гігіены, нам не давалі спаць 53 дні (разам з Акрэсціна). Поўная дэпрывацыя сну: то бок ты не спаў ні днём, і ўначы тры разы падымалі, вядома, у майтках, у майках. Гэта ўсё доўжылася 48 дзён. Потым пачалася поўная фрустрацыя: ты не разумеў цяпер дзень ці ноч, каторы дзень сёння, сядзеў цалкам без асадак, без паперы і без нічога. Было неразуменне што адбываецца, за што і чаму.
Пілі седатыўныя сродкі — перадавалі родныя вельмі шмат, у турме без іх было б цяжка. Адны адных трымаліся, бо ўсе былі вельмі інтэлігентныя, былі вельмі адукаваныя жанчыны і неяк нам было лягчэй, падтрымлівалі адны адных цэлы год. І вядома, калі я ўжо была ў эміграцыі „Вясна“ мне прапанавала прайсці курс псіхатэрапіі, я адчула, што мне трэба, бо гэта вельмі цяжка: турма, потым эміграцыя. У нейкі момант я зразумела, што трэба звярнуцца да псіхолага і працавала з псіхолагам, 10 заняткаў мела. Ну і цяпер ужо аднаўляюся паступова. Памагае Хостэл, наша праца памагае.
Вольга ведае на ўласным досведзе, як гэта – калі трэба ўцякаць з радзімы і ўладкоўваць жыццё ў новай краіне. Таму разам са сваёй партнёркай яны хочуць зрабіць добрую справу для былых беларускіх палітвязняў.
Беларускае Радыё Рацыя