Вольга Смалянка: Ніякіх законных падставаў для пераследу Леаніда Судаленкі няма



Калегі арыштаванага Леаніда Судаленкі лічаць крымінальны пераслед, распачаты ў дачыненні да яго, здзекам з нормаў маралі і права. Вядомы гомельскі праваабаронца, на думку паплечнікаў, выконваў свой грамадзянскі абавязак, сыходзячы з асноўных прынцыпаў праваабарончай дзейнасці.

Кіраўнік установы “Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend)” Вольга Смалянка зазначае, што ніякіх законных падставаў для пераследу Леаніда Судаленкі няма.

– І як праваабаронца, і як юрыст я разумею, што ў гэтым выпадку парушаны базавыя прынцыпы правоў чалавека. Падтрымка і дапамога тых, каго аштрафавалі не можа разглядацца як фінансаванне пратэсту. Леанід Судаленка не здзяйсняў ніякую супрацьзаконную дзейнасць, у яго дзеяннях няма ніякага складу крымінальнага злачынства. Ён займаўся праваабарончай дзейнасцю з пункту гледжання Дэкларацыі аб праваабаронцах.

Леанід Судаленка абвінавачваецца ў здзяйсненні крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 342 (Арганізацыя альбо падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Яго затрымалі 18 студзеня па дарозе на працу. Цягам апошніх 20 гадоў Леанід Судаленка аказвае кансультацыі жыхарам Гомельшчыны, дапамагае абараняць парушаныя правы. Пасля прэзідэнцкіх выбараў ён дапамог сотням гомельцаў, якія сутыкнуліся з пераследам падчас мірных пратэстаў.  

Беларускае Радыё Рацыя

Фота belngo.info