Вольга Верамеенка: „Адметнасць” не гандлюе сімволікай датычнай да нацызму
Гарадзенская крама „Адметнасць” не гандлюе нацысцкай сімволікай – такі адказ дасланы прадстаўнікамі крамы ва ўпраўленне гандлю Гарадзенскага гарвыканкаму.
Пра зварот распавяла ўладальніца крамы Вольга Верамеенка:
– Мы напісалі, што ў краме „Адметнасць” ніколі не прадавалася і не будзе прадавацца, якая-небудзь прадукцыя датычная да нацызму, альбо іншых экстрэмісцкіх антычалавечных ідэалогій. Усе нашы тавары аформлены належным чынам, маюць дакументы неабходныя для афіцыйнага легальнага продажу. Тое, што ён сцвярджае, што мы гандлюем нейкай незарэгістраванай сімволікай, калі ён мае на ўвазе бел-чырвона-белыя сцягі і гербы „Пагоня”, то мы са спасылкамі растлумачылі, якое дачыненне гэта мае да гісторыі Беларусі.
Па яе словах, гэта быў першы такі зварот за ўвесь час працы крамы:
– За 2,5 гады, што мы працавалі, ніводнай скаргі на нас не было і ніколі ніхто не выказваў прэтэнзій. За апошні месяц было некалькі спробаў з боку жанчын са значкамі НОД, а таксама ад жанчыны, якая называе сябе „Інфаспецназам”. Яна бегала вакол крамы, фатаграфавала нешта, але я з ёй на гэтыя тэмы не размаўляла. А так працуем у звычайным рэжыме.
Апошнім часам таксама актывізавалася і міліцыя, якая шукае стваральніка і ўладальніка крамы – грамадскага актывіста Сяргея Верамеенку, што цягам апошняга месяцу не з’яўляўся ў краме.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча