Вольга Вялічка: Прапануем дакрануцца да дабрачыннасці



У гарадзенскім дзіцячым хоспісе імя святога Губерта з’явіўся новы лагатып.

І адразу гэты лагатып убачыў свет на рознай сувенірнай прадукцыі, якую вырабляюць самі дзеці і бацькі, чые дзеці знаходзяцца пад апекай хоспіса.

Распавядае дырэктарка гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка:

– Яны працуюць з дрэвам, яны працуюць з фанерай, яны робяць унікальныя рэчы, якіх яшчэ не было ў Гародні – гэта сувенірная прадукцыя. Мы думаем, што падарунак ад сям’і Варкулевіч, вось гэты лагатып, ён вельмі годны. Сувенірная прадукцыя сёння запатрабаваная.

Па словах Вольгі Вялічкі, такія рэчы могуць стаць прыкладам дабрачыннасці:

– Можна спалучыць добры падарунак сабе ці людзям, якія прыязджаюць з-за мяжы ці іншых гарадоў, а таксама дабрачыннасць. Мне здаецца, што фармат дабрачыннасці павінен зменяца, людзі павінны дакранацца, яны павінны адчуваць, што гэта становіцца частка гарадзенскай мясцовай культуры. 

У планах гарадзенскага дзіцячага хоспіса стварэнне сацыяльнага прадпрыемства, на якім будуць працаваць людзі з інваліднасцю.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча