Вольгу Чайчыц чарговы раз пакаралі штрафам



Суд Лідскага раёну пакараў карэспандэнтку “Белсату” Вольгу Чайчыц буйным штрафам. Чарговы раз “белсатаўцаў” вінавацяць у “парушэнні заканадаўства аб СМІ” (арт. 22.9 КоАП).

Нагодай для гэтага стаў сюжэт аб праблемах прадпрымальнікаў, што працуюць на мясцовым рынку ў Лідзе. На судовым працэсе прысутнічаў наш карэспандэнт Андрэй Панямонаў:

– У судзе Лідскага раёна скончыўся разгляд адміністацыйнай справы ў дачыненні да журналісткі Вольгі Чайчыц. Яна абвінавачвалася ў стварэнні і распаўсюдзе сюжэта для тэлеканалу Белсат. Суддзя Сяргей Піпко вынес прысуд у 30 базавых велічынь. Разгляд справы доўжыўся каля гадізны, з невялікімі перапынкамі. Суддзя браў іх для разгляду некаторых матэрыялаў справы. Сведкі з міліцыі не прысутнічалі. Былі толькі некалькі чалавек з падтрымкі Вольгі Чайчыц.

Вольга Чайчыц зазначыла, што да працы незалежных журналістаў у рэгіёнах асаблівае стаўленне.

– Рашэнне, на мой погляд, незаконнае. Суддзя хоць і рабіў выгляд, што спрабуе мяне зразумець, але з маімі доказамі не лічыўся. Я была гатова да таго, што будзе штраф. У мяне ўжо вялікі досьвед гэтых судоў. І кожны раз з намі не лічацца. Ёсць рашэнне штрафаваць, каб мы не рабілі матэрыялы, асабліва ў рэгіёнах.  Таму такія рашэнні і прымаюцца.

Размова ў сюжэце, які стаў падставай да прысуду, ішла пра тое, як лідскіх прадпрымальнікаў кіраўніцтва рынка абкладае дадатковым падаткам за гандлёвыя памяшканні, якія ім жа і належаць.

І як стала вядома, перад судом у Лідзе на незалежных журналістаў быў складзены чарговы пратакол за здымкі працягу гэтай гісторыі.

Беларускае Радыё Рацыя