Вольгу Кавалькову аштрафавалі за ўдзел у „Чарнобыльскім шляху”



Суд Першамайскага раёна Менска аштрафаваў сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольгу Кавалькову на 15 базавых велічынь (382,5 рубля) за ўдзел у несанкцыянаваным уладамі „Чарнобыльскім шляху”. Рашэнне вынес суддзя Юрый Гарбатоўскі.

Як паведаміла БелаПАН Кавалькова, на працягу месяца суд двойчы вяртаў пратакол на дапрацоўку. Пры гэтым падчас пасяджэння прыйшлося выклікаць сведку, паколькі ў пратаколе не было пазначана, ці брала яна ўдзел у акцыі. У выніку суд прызнаў Кавалькову вінаватай па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Сустаршыня аргкамітэта БХД мае намер абскардзіць прысуд.

Штогод 26 красавіка прадстаўнікі апазіцыі праводзяць у Менску „Чарнобыльскі шлях” — шэсце ў цэнтры горада, якое завяршаецца мітынгам альбо ўскладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы. Выключэннем сталі 2011 год, калі ўлады забаранілі шэсце, а таксама гэты, калі арганізатары „Чарнобыльскага шляху” самі адмовіліся ад правядзення вулічнай дэманстрацыі з-за умоў, выстаўленых Мінгарвыканкамам. Гарадскія ўлады запатрабавалі аплаціць паслугі міліцыі па ахове грамадскага парадку — 5.737 рублёў. У сувязі з адсутнасцю сродкаў аргкамітэт вырашыў адклікаць заяўку на правядзенне акцыі.

Нягледзячы на гэта, увечары 26 красавіка каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук сабралася прыкладна 30 чалавек, у тым ліку некаторыя прадстаўнікі аргкамітэта „Чарнобыльскага шляху”. Яны прайшлі па вуліцах Сурганава і Арлоўскай у парк Дружбы Народаў, дзе ўсклалі кветкі да помніка ахвярам Чарнобыля каля храма ў гонар іконы Божай Маці „Спагнанне загінулых”.

Пасля шэсця апавяшчэнні аб складанні пратаколаў аб адміністрацыйным правапарушэнні атрымалі шэраг палітыкаў і актывістаў. Некалькі чалавек ужо аштрафаваныя, у тым ліку намеснік старшыні партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук, эканаміст Сяргей Чалы, рэкламіст Юлія Ляшкевіч.

belapan.by