Вольгу Класкоўскую судзяць паўторна
Новы суд над Вольгай Класкоўскай пачаўся ў Берасці. Яе вінавацяць у абразе міліцыянта.
Новую крымінальную справу на яе завялі ў красавіку паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады»). Пракурор запрасіў 2,5 гады калоніі, піша «Вясна».
У судовым працэсе палітзняволеная ўдзельнічаць адмовілася, паколькі лічыць, што суд над ёй незаконны і несправядлівы, і са словамі «Жыве Беларусь» пакінула пасяджэнне.
Пацярпелы — міліцыянт з Берасця, якога летась у верасні Класкоўская нібыта абразіла ў сацыяльных сетках.
У снежні Вольгу Класкоўскую асудзілі на 2 гады калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту, падчас якой перакрывалі рух транспарту ў менскай Серабранцы.