Вольгу Класкоўскую вызвалілі са шведскай турмы, яна вярнулася ў Беларусь
Грамадзянку Беларусі Вольгу Класкоўскую вызвалілі са шведскай турмы, дзе яна знаходзілася ў зняволенні паводле прыгавору суда, які прызнаў яе вінаватай у замаху на забойства былога мужа. 29 лістапада Класкоўская вярнулася ў Беларусь, паведаміла БелаПАН яе маці Людміла.
Вольгу Класкоўскую, асуджаную ў 2013 годзе на сем гадоў пазбаўлення волі, выпусцілі на падставе працэдуры ўмоўна-датэрміновага вызвалення.
Затрымалі Класкоўскую вясной 2013 года ў горадзе Ханінге, што на поўдзень ад Стакгольма. Да гэтага яна некалькі гадоў жыла ў Швецыі. У 2011 годзе вярнулася ў Беларусь з-за сямейных праблем, але неўзабаве зноў паехала ў Швецыю, дзе выйшла замуж за мясцовага жыхара, а ў ліпені 2012 года нарадзіла сына Адама. Дакументы на атрыманне права на жыхарства ў Швецыі падавала двойчы: пасля шлюбу і пасля нараджэння дзіцяці. У канцы студзеня 2013 года стала вядома, што ўлады Швецыі адмовілі ёй у праве на жыхарства і прынялі рашэнне аб яе дэпартацыі без права абскарджання.
6 лютага 2013 года прадстаўнікі сацыяльных службаў Швецыі забралі ў Класкоўскай Адама ў сувязі з тым, што ў яе няма права на жыхарства ў гэтай краіне і яна нібыта не можа забяспечыць сыну нармальныя ўмовы пражывання.
Паводле слоў Людмілы Класкоўскай, унук пакінуты шведскімі ўладамі бацьку. Пры гэтым хлопчык мае двайное грамадзянства і беларускі пашпарт, які знаходзіцца ў Менску. Тут жа з бабуляй жыве старэйшая дачка Вольгі Міраслава.
Справа аб апецы маці над Адамам знаходзіцца ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.
Паводле слоў Людмілы Класкоўскай, у планах дачкі — жыць у Беларусі, вырашаць бытавыя пытанні і дамагчыся вяртання сына.
Яна таксама працягне працу над кнігай, якую пачала пісаць у заключэнні, пра сваё жыццё ў Швецыі, нюансы шведскага правасуддзя. Вольга Класкоўская хоча папярэдзіць жанчын-іншаземак, якія выходзяць замуж у гэтай краіне, што іх і іх дзяцей можа чакаць пасля скасавання шлюбу, сказала яе маці.
belapan.by