Вольгу Класкоўскую змясцілі ў памяшканне камернага тыпу



З 3 жніўня палітзняволеная Вольга Класкоўская на тры месяцы змешчаная ў памяшканне камернага тыпу праз «сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку».

Цяпер ёй забароненыя ўсе сустрэчы і тэлефонныя званкі (выключэнне – камунікаванне з адвакатам), паведамляюць праваабаронцы.

Пра гэта Вольга Класкоўская паведаміла ў лісце. Вольга напісала, што сядзіць у камеры адна.

—Тут трохі лягчэй, чым у ШЫЗА, — распавяла яна. — Дазваляецца пісаціь і атрымоўваць лісты, чытаць кнігі, ёсць расчоска і крэмы. Прагулка у дворыку — 30 хвілін штодзенна, на ноч даюць матрац, падушку і пасцельную бялізну. Тут яшчэ дазваляецца атаварвацца на 58 рублёў у месяц, але самі туды не ходзім, а аддаем спіс, і прадукты прыносяць у камеру. Паліць можна толькі раз у дзень падчас прагулкі. Каву, на жаль, сваю таксама нельга тут рабіць, а толькі тую, што набываеш тут у атаварцы».

Яна папрасіла дужа не перажываць і перадала ўсім вялікае прывітанне і падзяку за падтрымку. Таксама Вольга просіць трымацца і выказвае надзею, што «ўсе хутка абавязкова будзе добра».

Раней Вольга Класкоўская больш за месяц правяла ў карцары. Яна хварэе і адчувае себя блага, і маці вельмі спадзявалася на планавую сустрэчу з дачкой у калоніі ў жніўні. Але Вольга знаходзіцца ў гомельскай калоніі №4 з 3 сакавіка, але ей не дазволілі яшчэ ніводнай сустрэчы з роднымі — бацькамі і дачкой. Раней Вольга паведамляла, што атрымала ліст ад Васкрасенскага з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні, але яна катэгарычна адмовілася, бо не лічыць сябе вінаватай.

Вольга Аляксандраўна Класкоўская – былая журналістка „Народнай волі”. Была затрыманая 14 кастрычніка ў Менску.17 снежня ў судзе Ленінскага раёна Мінска распачаўся разгляд крымінальнай справы ў адносінах да Вольгі Класкоўскай, а таксама Максіма Бабіча і Артура Булаўскага. Для Вольгі запрасілі 2 гады калоніі. 22 снежня ёй быў вынесены менавіта такі прысуд.

spring96.org