Вольгу Крапоціну будуць судзіць за ўлёткі „Вярніце Крым!” (абноўлена)



Гарадзенская грамадская актывістка Вольга Крапоціна чакае адміністрацыйнага суда. Міліцыя пачала супраць яе справу за нібыта незаконны выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі. Пра што дзяўчына дазналася амаль праз два месяцы пасля таго, як яе затрымалі міліцыянты пры раздачы гарадзенцам улётак за тэрытарыяльную цэльнасць Украіны. Цяпер Вольга азнаёмілася з пратаколам:

 Усе мае знаёмыя казалі, што гэта не скончыцца пратаколам. Таму я чакала гэтага. Толькі чамусьці зацягнулася ўсё. Як я зразумела з гэтага пратакола, парэшэнне тычыцца саміх улётак, што яны не адпавядаюць заканадаўству, што іх трэба было аформіць як сродак масавай інфармацыі, хоць я гэтага не планавала. І дзіўна, што экспертыза, якая праводзілася ў Менску, паказала, што гэтыя ўлёткі маюць змест масава-палітычны, не адпавядаюць нейкім там заканадаўчым актам.

У дзяўчыны былі канфіскаваныя 17 улётак, якія, паводле Закона аб СМІ, не могуць разглядацца як сродак масавай інфармацыі. Пратакол пра адміністрацыйнае права-парушэнне Вользе Крапоцінай прынеслі дадому.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Гарадзенскай актывістцы Вользе Крапоцінай разам з вынікамі экспертызы забраных раней улётак прынеслі пратакол пра нібыта здзейсненае правапарушэнне. Яе вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі.

Паперы Вользе Крапоцінай даставіў вядомы па ранейшых „палітычных” справах маёр Алег Кока. Бліжэйшым часам яе чакае выклік у суд на разгляд справы:

– Шкада, што будзе перададзена ў суд. Ніякіх позваў пакуль не прыходзіла, ён проста паказаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, уручыў мне яго: “Крапоціна Вольга размясціла за шчоткай лабавога шкла аўтамабіля “Volkswagen” улётку выдадзеную з парушэннем патрабаванняў тэхнічных нарматыўна-прававых актаў, чым парушыла заканадаўства “Аб сродках масавай інфармацыі”.

19 верасня міліцыя затрымала Вольгу Крапоціну ў цэнтры Гародні забрала ў яе 17 улётак з тэкстам “Вярніце Крым! Рукі прэч ад Украіны” і “Ганьба здраднікам Радзімы з “трыкалорам” у зубах. Пуцін вам далонь пацісне, як уздыме на штыках!”.

Крапоціну тады трымалі пару гадзін у РАУСе, а потым па месцы яе жыхарства правялі ператрус.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя