Вольскі выступіць на канцэрце з нагоды 98-х угодкаў Слуцкага паўстання



Лявон Вольскі выступіць на канцэрце, прымеркаваным да 98-х угодкаў Слуцкага паўстання. Гэта будзе першы канцэрт, прысвечаны Дню Герояў, які адбудзецца ў Слуцку. Канцэрт пройдзе ў слуцкім Доме культуры (вул. В.Горка, 1) у суботу, 24 лістапада. Пачатак а 14.00.

Легенда беларускага року зайграе вялікую сольную акустычную праграму. Акрамя Лявона Вольскага, на сцэну падымуцца салігорскі гурт “Харачакра”, паэт Андрэй Хадановіч, а таксама менскі гурт ZANZIBAR. Каманда ZANZIBAR, сярод іншых, праспявае песню «Вятры», напісаную паводле паэмы расстралянага ў верасні 1937 года паэта Сяргея Астрэйкі, які нарадзіўся на Случчыне.

Яго арганізоўваюць прадстаўнікі такіх незалежных ініцыятыў і арганізацый, як «Дзея», «Часовая Рада Случчыны», «Будзьма» і «Умовы для мовы», а галоўны інфармацыйны партнёр – незалежная слуцкая газета «Інфа-Кур’ер».

Уваход на канцэрт будзе бясплатным.

«Наша мэта зрабіць свята для жыхароў Слуцка і на высокім узроўні адсвяткаваць Дзень Герояў. Слуцкае паўстанне – гэта выбітная старонка гісторыі Слуцка і ўсёй нашай краіны. Дзень Герояў, 27 лістапада, штогод святкуецца беларусамі па ўсім свеце, у Нямеччыне ёсць помнік слуцкім паўстанцам, у Канадзе ёсць дом адпачынку, прысвечаны слуцкім паўстанцам. У Слуцку, на жаль, гэтым гістарычным падзеям яшчэ не надаецца належнац ўвагі. Таму асабліва важна, каб случакі мелі магчымасць ушаноўваць сваіх герояў і памятаць пра сваю гісторыю», – кажа арганізатарка канцэрта, заснавальніца і сябра Рады грамадскага руху «Дзея» Аліна Нагорная.

Дадатковая інфармацыя: +375 44 726 7228 [email protected]