Вользе Хіжынковай, якая адбывае 12-сутачны арышт, прысудзілі яшчэ 15 сутак
Уладальніцы тытула „Міс Беларусь — 2008” і былому прэс-сакратару футбольнага клуба „Дынама” (Берасце) Вользе Хіжынковай, якая адбывае адміністрацыйны арышт у ізалятары ў 1-м завулку Акрэсціна, прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.
Такую пастанову вынес 12 лістапада суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Дзмітрый Карсюк, паведамляюць праваабаронцы.
На гэты раз Хіжынкова прызнаная вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 11 кастрычніка (ч. 1 арт. 23.34 КоАП).
Папярэдняе пасяджэнне па адміністрацыйнай справе Вольгі Хіжынковай адбылося 11 лістапада ў судзе Заводскага раёна Мінска. Суддзя Анастасія Осіпчык асудзіла Хіжынкову на 12 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 8 лістапада.
Варта зазначыць, што па гэтым рашэнні суда Хіжынкова павінна была выйсці да свайго дня нараджэння 22 лістапада. Аднак з улікам чарговай судовай пастановы яна прабудзе пад арыштам 27 сутак, ці амаль месяц. Тэрмін арышту пачаў адлічвацца з сярэдзіны дня 8 лістапада, калі Хіжынкову затрымалі ў цэнтры Мінска.