Восеньскі прызыў у Беларусі: тэрміны адпраўкі ў войска перанеслі
Цяперашняй восенню планавая адпраўка ў рады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь пачнецца не ў лістападзе, як раней, а ў кастрычніку, паведамілі агенцтву «Мінск-Навіны» ў ваенным камісарыяце г. Менска.
Камплектаваць злучэнні і воінскія часткі беларускай арміі будуць з 25 кастрычніка па 5 лістапада. У сувязі з пераносам тэрмінаў прызыву зменіцца і дата правядзення ваеннай прысягі ў вайсковых калектывах. У гэтым годзе яна адбудзецца 20 лістапада.
А вось адпраўка маладых людзей на тэрміновую ваенную службу ва ўнутраныя войскі МУС, часткі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і КДБ пройдзе ў звыклыя тэрміны — з 15 па 30 лістапада.
У Менску на тэрміновую ваенную службу ў ходзе восеньскага прызыву плануюць прызваць каля 1 700 чалавек, яшчэ 22 адправяцца на службу ў рэзерве. Месцам службы сталічных жыхароў у асноўным стануць воінскія часткі Менскага гарнізона.