Восеньскія дні назірання за птушкамі



Восеньскія дні назірання за птушкамі EuroBirdwatch-2019 праходзяць у Беларусі 5-6 кастрычніка, паведамілі ў грамадскай арганізацыі „Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ).

Мільёны птушак зараз пакідаюць Еўропу і накіроўваюцца да месцаў зімоўкі, таму можна ўбачыць мноства відаў, нават рэдкіх. Мэта EuroBirdwatch – пазнаёміць мясцовых жыхароў з пералётнымі птушкамі, іх патрэбамі на месцах гнездавання, праблемамі на пралётных шляхах і ў раёнах зімоўкі ў Міжземнамор’е і Афрыцы. Для ўдзелу дастаткова ўзяць бінокль або падзорную трубу, выйсці ў парк, поле, лес або да вадаёма, пералічыць убачаных птушак і вызначыць іх віды. Паведаміць пра свае назіранні можна да 16.00 6 кастрычніка праз анлайн-форму на сайце АПБ. Таксама можна даслаць электроннае паведамленне АПБ на адрас [email protected].

Падчас EuroBirdwatch-2019 у Менску 6 кастрычніка пройдзе чэмпіянат Беларусі па фотабёрдынгу. У адрозненне ад звычайнага бёрдвотчара, які назірае за птушкамі ў бінокль, задача фотабёрдара – сфатаграфаваць птушак у натуральных умовах. Каб выйграць чэмпіянат, трэба за пяць гадзін (з 8.00 да 13.00) сфатаграфаваць як мага больш розных відаў птушак. За кожны від удзельнік атрымлівае балы. Для таго каб атрымаць максімальную колькасць балаў, неабходна не толькі зрабіць здымак, але і правільна вызначыць выгляд птушкі. Акрамя першага, другога і трэцяга прызавых месцаў асобна будзе абраны найлепшы здымак чэмпіянату. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, журы можа ўвесці дадатковыя намінацыі і адзначыць яшчэ некалькі цікавых фота ці ўдзельнікаў. Пераможцы атрымаюць прызы.

EuroBirdwatch – штогадовая акцыя, якая праходзіць ужо ў 26-ы раз. У Беларусі ў 2018 годзе яе ўдзельнікі за два дні ўбачылі больш за 27 тыс. птушак.

zviazda.by