Восьмы дзень абароны Курапатаў
Надзвычайны сход прайшоў у Курапатах. Пратэстоўцы склікалі яго пасля таго, як камісія па грамадскім абмеркаванні ў адміністрацыі Першамайскага раёна Менска дазволіла будаваць офісны цэнтр на вуліцы Мірашнічэнкі.
У ім прыняло ўдзел каля 50 чалавек. На месцы, дзе працягваецца варта, знаходзіцца наш карэспандэнт Стась Дадэрка:
– Актывісты не чакалі іншага рашэння. Яно, як прызнаюць эксперты, досыць фармальнае. Рашэнне яшчэ мусіць разглядацца ў дзяржбудэкспертызе і павінна быць зацверджана ў Менгарвыканкаме. Што тычыцца сітуацыі ў лагеры, то зараз тут знаходзіцца каля 30 чалавек. Тут з’явілася ўжо пастаяннае асвятленне, дзякуючы генератару. З паддонаў стварылі досыць шырокі памост, каб людзі не хадзілі па мокрай зямлі. Цягам дня, як кажуць актывісты, былі спробы правакацый. Падыходзілі нейкія хлопцы спартыўнага выгляду, п’яныя, якія хацелі ўчыніць бойкі. Але як толькі правакатары бачылі журналістаў, адразу ўцякалі. Што тычыцца сходу, то заўтра а 8-й гадзіне раніцы аб’яўлена поўная мабілізацыя. Невядома, ці прыйдуць будаўнікі. Паведамленне пра тое, што ўся тэхніка выехала, занадта аптымістычнае. Кажуць, што толькі кран пакінуў будоўлю.
На пасяджэнні камісіі па грамадскім абмеркаванні прысутнічаў адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец. У размове з „Радыё Свабода” палітык адзначыў, што камісія ўвогуле праігнаравала праблему Курапатаў:
– Зрабілі выгляд, што праблемаў з будаўніцтвам бізнес-цэнтра па вуліцы Мірашнічэнкі проста няма. Нахабным чынам спрабавалі людзям забараніць здымаць, забараніць прысутнічаць на гэтым абмеркаванні. Іх задачай было проста праштампаваць рашэнне аб тым, што будоўля тут вядзецца. Такім чынам наплявалі на меркаванне народа. Не хацелі прымаць тысячу подпісаў мясцовых жыхароў, якія пратэстуюць супраць гэтай будоўлі.
Арганізатары агучылі план на бліжэйшы тыдзень: заўтра – мабілізацыя каля будоўлі, раніцай у сераду актывісты і мясцовыя жыхары збіраюцца на прыём да старшыні гарвыканкама Менска Андрэя Шорца, у чацвер – пасяджэнне камітэта па выратаванні Курапатаў, у канцы тыдня – агульнагарадская акцыя пратэсту.
Фота: tut.by
* * *
Камісія разгляду вынікаў грамадскіх слуханняў зацвердзіла дэталёвы план, у якім канфліктная пляцоўка, дзе нядаўна пачалося будаўніцтва бізнес-цэнтру, застаецца па-за ахоўнай зонай.
Будаўнічыя працы ў спрэчнай зоне ў панядзелак не ўзнавіліся, будаўнікі ня ведаюць, ці прыйдзецца ім прыходзіць на аб’ект заўтра, гаворыць мясцовы жыхар Леанід:
– Што будзе заўтра – паглядзім. Мне здаецца, будоўлю яны спыняць. Нельга будаваць на касцях. Нельга не раіцца з мясцовымі жыхарамі. І ўвогуле, нельга падрабляць заканадаўства пад канкрэтныя рашэнні, якія прымаюцца незаконна.
У намётавым мястэчку ля будпляцоўкі цяпер пастаянна знаходзяцца некалькі дзясяткаў чалавек. Пенсіянэрка Ларыса Стома падтрымоўвала актывістаў з самага пачатку, але ўпершыню завітала да іх толькі сёння.
– Мне хацелася б, каб тут крышку больш народа было. У мяне ёсць крыж у Курапатах. Рэпрэсаваныя мае родныя з Магілёўскай вобласці. Шмат народу загінула падчас рэпрэсій.
Абаронцы Курапатаў заклікаюць усіх неабыякавых ізноў сабрацца ў лагеры ля будоўлі 28 лютага а 8-ай раніцы.
13:00
Актывіст Сяргей Пальчэўскі, які ў мінулую пятніцу прыкаваў сябе кайданкамі да будаўнічага МАЗа, ізноў у шыхце.
— Я трошкі прыхварэў. Тэмпературы была, але вось адпачыў і цяпер ужо ўсё добра. Ноч я правёў тут і раніцай ужо сустракаў будаўнікоў. Я рады, што будаўніцтва спыненае хаця б на дзень. Ну, будзем чакаць іх заўтра. Калі прыйдуць, ды будзем перашкаджаць ім працаваць.
Спыненне будаўнічых працаў у старой ахоўнай зоне народнага некропаля лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец лічыць тактычнай перамогай на панядзелак.
— Будаўнікі адмовіліся працаваць цытую «у такіх умовах». Таму, прынамсі на сёння, пытанне вырашана знізу, але застаецца пытанне з гары. Калі дазвол на будаўніцтва застаецца, дык яны будуць практычна штодзень. Я думаю, што зараз тыя, хто супраць будоўлі ў вярхах маюць усе аргументы, каб дамагчыся рашэння цалкам спыніць гэтую будову. Мы пастараемся падштурхнуць іх да гэтага рашэння і сёння ў Першамайскім райвыканкаме і ў сераду, на прыёме ў Шораца. Спадзяюся, што ўдасца ўжо на гэтым тыдні вырашыць сітуацыю.
Калі ж яна ня вырашыцца, то давядзецца абвяшчаць у Курапатах вялікі мітынг, — папярэджвае Севярынец.
12:30
Будаўнікі збіраюць рэчы, тэхніка пакідае пляцоўку. Гаворыць адзін з будаўнікоў, які ўдзельнічаў у бойках з актывістамі. Свайго імя ён не называе.
– Прыйшлі на працу, а нас не пускаюць. Таму мы не працуем. Ці прыйдзем заўтра – пакуль не ведаю.
Лідар пратэстаў супраць незаконнага будаўніцтва Зміцер Дашкевіч кажа, што на будпляцоўцы застанецца толькі два чалавекі аховы.
– Прыйшоў брыгадзір і прыватна нам паведаміў, што даў кіраўніцтву такую інфармацыю: ён не можа працаваць ва ўмовах, якія склаліся, дзе людзі кідаюцца пад тэхніку, таму няхай кіраўніцтва само вырашае, што рабіць з гэтай будоўляй, бо ён людзей сваіх не можа выводзіць сюды на працу. Зверху ніякага юрыдычнага рашэння няма пакуль што на гэты конт. Магчыма, заўтра і будуць працаваць.
Намётавы лагер пратэстоўцаў не згортваецца. На 8:00 аўторка ізноў аб’яўлена поўная мабілізацыя.
09:20
З месца падзеяў паведамляе Стас Дадэрка:
— Яшчэ на выходных многія казалі, што менавіта сённяшні ранак стане вырашальным у гэтым канфлікце і сапраўды так атрымалася, што будаўнікі сёння не выйшлі на працу. Яны прыйшлі, пастаялі ля плота, нехта забраў свае рэчы і разышліся. І прынамсі іхні прараб сказаў: «Няхай у гэтай сітуацыі разбіраецца вышэйшае начальства, бо людзі не хочуць працаваць у такіх умовах. Цяпер на тэрыторыі ля будоўлі каля 100 чалавек: і праваабаронцы, журналісты актывісты, мясцовыя жыхары — усё нагадвае такі вясёлы гарадскі пікнік, людзі п’юць гарбату, каву. Можна спакойна прайсці на тэрыторыю будоўлі, там ладзяць фотасесіі. З вядомых асобаў прыйшлі Някляеў Бяляцкі Севярынец. Дашкевіч, вядома, таксама тут знаходзіцца.
Усе называюць гэта маральнай перамогай, але перамогай на сёння, бо што будзе заўтра ніхто не ведае. Таму заўтра зноў а 8-й раніцы актывісты заклікаюць падысці да тэрыторыі будоўлі, тым больш, што з’явілася інфармацыя пра іншыя магчымыя будоўлі ў іншых зонах каля Курапатаў.
Цягам выходных будаўнічыя працы ля народнага некропаля не вяліся. З працоўных на агароджанай тэрыторыі прысутнічала толькі вахта. Сёння актывісты будуць спыняць любыя спробы ўзнавіць працы.
Адзін з абаронцаў, што стала прысутнічае ў лагеры, Павал Сітнік, мяркуе, што брыгаду для ўзвядзення офіснага будынка сабралі яўна не з жыхароў Менску.
— Можа быць прыезджыя, каўказскай нацыянальнасці ёсць людзі працуюць. Іншыя людзі, напэўна не з Менску для таго, каб у іх было менш сумневаў, што трэба тут працаваць. Цяпер паўсюль няма працы, таму на любую працу людзі пагаджаюцца.
Што характэрна, падтрымаць жыхароў намётавага мястэчка ў Курапатах прыязджаюць таксама ня толькі менчукі.
Пятро:
— Калі мы не будзем супраціўляцца, то і надалей будоўля будзе працягвацца. Я сам не з Менска, я з пасёлка Радашковічы.
Міхаіл:
— Я пад’ехаў дзеля колькасці людзей, падвёз цыгарэты, можа што трэба: у краму схадзіць. Вядома, калі тут было тысяча чалавек гэта нешта дало б, а то як заўсёды будзе нейкая жменька незадаволеных. Так агулам у інтэрнэце незадаволеных маса, але чаму іх тут няма я не ведаю. Я не магу звязаць словаў, моцныя эмацыйныя перажыванні з-за хлопцаў.
Дровы ў лагер пратэстоўцаў падвозілі нават з Вялейкі. Пратэстоўцаў таксама актыўна падтрымліваюць жыхары бліжэйшых да Курапатаў шматпавярховікаў. Яны пастаянна прыносяць ежу, пітво ды цёплую вопратку.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск