Вострыя пытанні тыдня журналістыкі
У Берасці стартаваў Чацвёрты адкрыты тыдзень журналістыкі. Арганізатарам мерапрыемства выступіла кафедра журналістыкі філалагічнага факультэта Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Апроч адукацыйнага носьбіту, падзея дала мажлівасць задаць вострыя пытанні выступоўцам і арганізатарам, праўда пагадзіліся адказваць на гэтыя пытанні ня ўсе з іх.
Кажа Сяргей Місіюк, галоўны рэдактар часопіса «Людзі»:
— Гэта тусоўка я думаю будзе неблагая такая. Я мяркую, што перш за ўсё гэта тусовачным характарам нейкім будзе карысна, каб пазнаёміліся людзі паміж сабою. Я так разумею што людзі з розных краінаў, утварылася нейкая супольнасць паміж імі: эмацыйная, духоўная. Ёсць спікеры, якія безумоўна дапамогуць падвысіць свой прафесійны ўзровень студэнтам кафедры і факультэтаў журналістыкі.
РР: Вядома што большасць людзей, як у нашым рэгіёне так і ў цэлым па-Беларусі карыстаюцца рускай мовай. Але апошнім часам усё больш моладзі стараюцца неяк далучаць сябе да нашай традыцыйнай культуры, ў тым ліку карыстацца беларускай мовай. Што тычыцца беларускамоўнага кантэнту ў нашых рэгіянальных СМІ Берасцейскай вобласці, будзь то газеты, радыёстанцыі, тэлебачанне, ці павінна яго станавіцца больш і як бы вы апісалі ягоны цяперашні стан? Ці дастаткова гэтага кантэнту?
Святлана Клундук, дацэнт кафедры журналістыкі, кандыдат філалагічных навук:
— Зразумела вашае пытанне. Паколькі я сама выкладчыца беларускамоўная, вельмі люблю і шаную беларускую мову і выхоўваю ў гэтым плане нашых студэнтаў, хоць гэта вялікая праблема. Вельмі многа непаразумення з боку студэнтаў. Што менавіта да кантэнту, на маю думку, яго мала. Напрыклад у нас на Берасцейшчыне, можна сказаць, адна абласная газета гэта «Народная трыбуна» якая прадстаўлена менавіта беларускай моваю, а астатнія, па-магчымасці, ўключаюць нейкія тэксты на беларускай мове. На самой справе іх вельмі мала, на маю думку. Дзякуй богу зараз у нас ёсць «Беларусь-3», тэлеканал які з’яўляецца, вядома, беларускамоўным, таму я думаю, што гэта таксама дапамагае развіваць беларускую мову, культуру. Адзінае што, ці цягнецца да яго моладзь? Гэта ўжо іншае пытанне. Таму, праблема ёсць. Я па-магчымасці канешне стараюся даносіць і праблему, і стараюся даносіць да студэнтаў што трэба вывучаць беларускую мову, што трэба ведаць сваю культуру. Хто яго ведае, таму што магчыма праз год, два, тры,не проста захочацца, а прыйдзецца працаваць у беларускамоўнай плыні.
РР: Шмат хто кажа што ўзровень журналістыкі ў Беларусі ня вельмі высокі?
Сяргей Місіюк, галоўны рэдактар часопіса “Людзі”:
— Яна (прафесійная журналістыка), на жаль, амаль уся сканцэнтраваная ў Менску.
РР: Меркаванне… У нашай часткі Свету, ва Усходняй Еўропе шмат прапаганды. Дзе тая мяжа між журналістыкай і прапагандай?
Сяргей Місіюк: Я сёння казаў пра другі ўзровень узаемаадносінаў паміж журналістам і чытачом, гэта калі яны робяцца інфармацыйнымі партнёрамі. Вось гэта журналістыка. Сумесная праца на нейкі агульны плюс. З прапагандай вельмі проста, прапаганда — гэта не камунікацыя, гэта трансляцыя інфармацыі ў адзін бок. Што той бок робіць з гэтай інфармацыяй? Можа быць нават не цікава той крыніцы якая транслюе інфармацыю. Вось гэта прапаганда. А журналістыка — гэта партнёрства. Гэта я раблю нешта для вас, паважанае спадарства, а вы мне дапамагаеце гэта рабіць, ці адклікаецеся нейкім сацыяльным рухам на тое што я раблю. Гэта не гульня ў адны вароты.
РР: Ці заўважаеце Вы, што ў нашай краіне існуюць «чорныя спісы» журналістаў альбо СМІ?
Сяргей Місіюк: Я мяркую што перш за ўсё ёсць людзі і ў гэтых людзей ёсць пэўная пазіцыя, ёсць пэўныя нейкія страхі, ёсць пэўныя свае меркаванні пра Сусвет, з якіх яны сыходзяць такім чынам і ў дачыненні журналістаў. Спадар Іваноў можа не бачыць нічога дрэннага ў тым, каб паразмаўляць з журналістам недзяржаўных медыяў і вы можаце мне паверыць, што сітуацыя ў гэтым плане шмат лепей сёння чым была пятнаццаць гадоў таму. А спадар Сідараў, можа жонкі сваёй баяцца і журналіста будзе баяцца ўдвая. Абгрунтуе ён гэтую сваю пазіцыю чым заўгодна. Скажа, што там спіс нейкі ёсць і гэтак далей… Але ж я мяркую што ёсць пэўны спіс тэмаў, у далучэнні якіх стаўленне да дзяржаўных і недзяржаўных журналістаў будзе неаднолькавым. Гэта так званыя дзяржаўна-стратэгічныя тэмы. Вы можаце ў розных дзяржаўных праграмах гэта паглядзець і скласці ўласнае меркаванне на гэты конт што гэта могуць быць за тэмы. «Калійныя ўсякія ўгнаенні там»…
РР: Вы сёння выступілі і адказвалі на пытанні. Што б вы пажадалі людзям, якія сёння прыйшлі сюды?
Сяргей Місіюк: Зразумець сябе. У першую чаргу зразумець сябе, бо вельмі сумна бачыць калі прыкладна на чацвёртым курсе, дзе я выкладаю, калі чалавек кажа што: «Ай не я не хачу быць журналістам, увогуле, я ўжо неяк змяніў сваю пазіцыю, ці я ўвогуле не хацеў», — гэта драма, бо губляецца час. Гэта адзіны рэсурс, які мы не можам з вамі аднавіць. Здароўе можам аднавіць, грошы зразумела, а час – ён губляецца. Я жадаю ім зразумець сябе, каб не губляць часу.
Чацьвёрты адкрыты тыдзень журналістыкі расцягнуты на тры дні, цягам якіх студэнты і навучэнцы профільных факультэтаў змогуць атрымаць тэарэтычныя і практычныя веды пад час майстар-класаў. Акрамя таго яны змогуць расслабіцца на спадарожных забаўляльных мерапрыемствах арганізаваных з дапамогаю партнёраў праекту.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце