Вучэнні “Захад-2017”: грыбы сярод ракет



Жыхарам пяці сельсаветаў Івацэвіцкага раёна, дзе размешчаны  палігон “Даманава”, мясцовы раённы выканаўчы камітэт з 14 па 20 верасня строга забараніў хадзіць у лес. Забарона ўведзеная ў мэтах бяспекі: аскепкі бомб і снарадаў могуць разлятацца на адлегласць да 2 кіламетраў.

Аднак многія вяскоўцы пра забарону альбо нічога не ведаюць, альбо лічаць, што любую забарону можна абыйсці.

Гавораць жыхары вёскі Волька:

– Чаму не рэкамендуюць? Я вось, напрыклад, зараз іду ў лес. Узяў сцізорык, думаю, пайду прагуляюся. А што, нельга?

– Вялікія штрафы будуць. У мяне там брат служыць. Ён сказаў, як буду падыходзіць да палігона, патэлефанаваць яму, каб ён упэўніўся, што няма нікога з начальства.  

– Калі была сірэна, мы не ішлі на палігон. Сірэны не было – ішлі ў грыбы. А зараз і з сірэнай, і без – нельга.

За наведванне леса на палігоне і ля палігона “Даманава” пагражае адміністрацыйны штраф.

Пакуль у вёсцы Волька ніхто не пакараны.

Беларускае Радыё Рацыя