Вучні з інваліднасцю ў СССР былі выключаны з сістэмы адукацыі
5-га кастрычніка адзначаецца Дзень настаўніка. Свята было зацверджана яшчэ ў 1965 годзе Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР з улікам “важнага грамадска-палітычнага значэння” гэтай прафесіі. Але нягледзячы на гэта, вучні з інваліднасцю ў савецкія часы былі цалкам выключаны з сістэмы адукацыі.
Пра гэта кажа Мая Церакулава – у яе сям’і жыве 56-гадовы Андрэй, які мае першую групу інваліднасці з дзяцінства:
– Ён усё жыццё правёў дома. Практычна не выходзіў на вуліцу. Ён абсалютна дэсацыялізаваны. І большая частка яго інваліднасці звязаная менавіта з тым, што яго ніколі не спрабавалі адаптаваць. Я не ўпэўненая, што яго немагчыма было навучыць чытаць і пісаць. Яго ніхто і не вучыў. Ён быў навучаемы. Проста зараз у ягоным узросце я не ведаю, ці мне варта нешта мяняць у ягоным жыцці. Ён ужо прывык да гэтага.
Акрамя таго, у Маі ёсць дачка з аўтызмам, пяцігадовая Ева, якая навучаецца ў звычайным дзіцячым садку. Параўноўваючы лёсы двух сваіх родных людзей, Мая ўпэўнена – савецкія падыходы да адукацыі ў дачыненні да дзяцей з інваліднасцю былі разбуральнымі:
– Вось я займаюся сваёй дачкой. І я не скажу, што яго праблемы большчыя, чым у яе. Але я бачу ў яе будучыню, а ў яго яе не было. Бо тады, калі ён нарадзіўся 56 гадоў таму, маці казалі – аддай у інтэрнат, навошта ён табе. Мець інваліда ў сям’і было ледзь не сорамна. Калі б ён зараз нарадзіўся з той жа паталогіяй, мне здаецца, інклюзія яму б дапамагла. Я ўпэўненая, што маёй дачцы яна дапамагае.
Канвенцыя аб правах людзей з інваліднасцю звяртае ўвагу на тое, што ніхто не можа быць выключаны з соцыума (як гэта было за савецкім часам). Таму дзеці з інваліднасцю не павінны навучацца ў нейкіх спецыялізаваных класах і школах-інтэрнатах, а – у агульнаадукацыйных школах, з дапамогай т’ютараў, калі гэта неабходна.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск