Вучыцца ніколі не позна



Гарадзенскі “Універсітэт залатога веку” распачынае сёмы акадэмічны сезон і абвяшчае  набор навучэнцаў. Кожны гарадзенец, якому споўнілася  55 гадоў, да 11-га верасня  можа звяртацца ў  грамадскае аб’яднанне “Цэнтар Трэці сектар” і запісвацца на шматлікія курсы і клубы па інтарэсах: замежнай мовы, псіхалогіі, гісторыі і гэтык далей.  Як зазначае шматгадовы выкладчык “Універсітэта залатога веку” краязнаўца Віктар Кірэеў, адзін з прынцыпаў навучальнай установы  – вучыцца ніколі ня позна:

– Веды патрэбныя і старэйшаму пакаленню. Яны вельмі зацікаўленыя слухаць. Але часам і я даведваюся нешта новае ад іх. Так што абмен інфармацыі ідзе ў два бакі.

З 14 па 17 верасня ў гарадзенскім “Універсітэце залатога веку” запланаваныя прэзентацыі, у час якіх арганізатары пазнаёмяць з праграмай навучання, патрабаваннямі і прынцыпамі працы ўстановы, якая дзейнічае ў горадзе над Нёманам з 2010 года. Урачыстае адкрыццё новага навучальнага году ва “Універсітэце залатога веку” запланавана на першага кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота uzv.by