“Вулічныя вершы” шукаюць месца для Якуба Коласа
Арганізатары берасцейскага праекта “Вулічныя вершы” працягваюць пошук патэнцыйнага партнёра – уласніка сцяны альбо будынка, які дазволіць размясціць аб’ект стрыт-арту. На аб’екце плануецца змясціць партрэт разам з вершам аднаго з беларускіх класікаў. Кажа дызайнерка і выканаўца работ Ганна Яцкевіч:
– У гэтым праекце ёсць трэцяя частка – гэта Якуб Колас са сваімі радкамі. Я спадзяюся, што гэтым летам у цэнтры мы зробім гэта. Зараз маем некалькі прапаноў, але працягваем пошукі, разглядаем розныя магчымасці. Хацелася б, каб гэта быў цэнтр горада. І калі ёсць такія людзі, якія маюць ва ўласнасці будынак у цэнтры Берасця і жадаюць размясціць на ім Коласа, – просім звяртацца.
Прапановы супрацы можна накіроўваць праз сацсеткі да Ганны Яцкевіч альбо праз грамадскую кампанію “Дзедзіч”.
Партрэты Багдановіча і Купалы – ужо рэалізаванай першай і другой частак праекта “Вулічныя вершы” – можна паглядзець на будынках па вуліцах Маякоўскага і Янкі Купалы.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце