Вуліца імя ката і забойцы ў Гомелі



У Гомелі дагэтуль існуе вуліца, названая ў гонар Мендэля Хатаевіча, якога прызналі вінаватым у здзяйсненні генацыду ва Украіне.

Хатаевіч у часы Галадамору з’яўляўся другім сакратаром ЦК КП(б) Украіны. Яму прыпісваюцца словы пра тое, што “спатрэбіўся голад, каб паказаць, хто гаспадар.” Жыхар Гомеля і праваабаронца Віктар Адзіночанка ўзгадвае сямейныя ўспаміны, як ягоны дзед бяжаў з Украіны ад Галадамору.

Віктар Адзіночанка:

— Мая маці распавядала, што яе дзед, Сямён, прыйшоў у Беларусь з Украіны. Яго прозвішча Дайнека. Маці распавядала, што ён кінуў свой дом і сям’ю. Ён быў малады чалавек. Чаму кінуў? Бо тады не выпускалі з зоны голаду. Па нейкіх балотах, лясах прыйшоў у Беларусь. І тут сустрэў маю бабку. Пабудаваў тут хату. У нас была тыповая ўкраінская хатка-мазанка. Пра дзеда маці распавядала бабка. Бо калі ў 1941 годзе дзед пайшоў на вайну, ёй было толькі тры гады. Маці распавядала ўспаміны дзеда, што падчас Галадамору ва Украіне людзей не выпускалі, казалі: “Памірайце тут”.

Этнічны ўкраінец з Гомеля Багдан Дэмків узгадвае, як некалькі гадоў таму спрабаваў звярнуцца з просьбай перайменаваць вуліцу Хатаевіча.

— Некалькі гадоў таму, калі ў нас вуліцы пераймяноўваліся Западная на Сустрэчную, Журавінная ў Жураўліную, я пісаў у тапанімічную камісію. Але адказу не прыйшло. Вуліца з такой назвай дагэтуль ёсць. Кепска, што гомельцы не ведаюць, хто такі сапраўды Мендэль Хатаевіч.

Вуліца Хатаевіча знаходзіцца ў Цэнтральным раёне Гомеля. Жыхара горада і праваабаронцу Віктара Адзіночанку абурае падобная назва вуліцы.

— Я пра гэтага Хатаевіча даведаўся адносна нядаўна. І потым пасля гэтага пачытаў, хто гэта такі. І гэтае пачуцце нават нельга назваць абурэннем. Тут можна толькі развесці рукі, што вуліца носіць імя гэтага ката і садыста, які арганізоўваў голад ва Украіне. Прычым ён цалкам разумеў, што ён робіць: такім чынам яны імкнуліся зламаць супраціўленне ўкраінцаў, якія не хацелі ісці ў калгасы.

Мендэль Хатаевіч нарадзіўся ў Гомелі. Паводле Апеляцыйнага суда Кіева, з’яляецца адным з вінаватых у арганізацыі “Галадамору”. Хатаевіча расстралялі ў 1937 годзе па абвінавачванні ў дзейнасці ў контррэвалюцыйнай арганізацыі. Колькасць ахвяр ад галадамору ва Украіне складае ад 2 да 7 мільёнаў чалавек. 

Юлія Сівец, Радыё Рацыя