Вячаслаў Барок: Гэты ліст – адыход ад вернасці праваслаўнай царкве
Ліст беларускага праваслаўнага экзарха Веніяміна да епіскапаў, у якім ён выказаў занепакоенасць дзейнасцю грэка-каталікоў, выклікаў скандал сярод іншых рэлігійных канфесій. Экзарх просіць праваслаўны епіскапат прыняць меры па недапушчэнні прапаганды ўніі.
З Госцем Рацыі ксяндзом Вячаславам Барком, які першым выступіў з публічным асуджэннем ліста мітрапаліта Веніяміна, на гэты конт размаўляла наш карэспандэнт Аліна Андрыевіч.
РР: Чаму вас, ксяндза, зачапіла атака на ўніяцкіх вернікаў. Можа быць, вы проста пакрыўдзіліся, што вас палічылі калісьці святаром, які ўносіць міжрэлігійную розніцу? Так, здаецца, вы казалі. І вы вырашылі “тыкнуць носам” праваахоўныя органы, улады, што сапраўды адбываецца міжрэлігійная розніца, калі высокі праваслаўны чын выступіў з такім лістом, не вельмі прыгожым, скажам так.
Вячаслаў Барок: Безумоўна, гэта не ёсць ніякія асабістыя стаўленні да мітрапаліта Веніяміна. Нічога асабістага, гэта толькі клопат пра праўду Евангелля і пра тую любоў, якую прапаведуе Хрыстос.
Дык вось, калі праваслаўны іерарх дазваляе сабе пісаць ліст падначаленым біскупам па ўсёй Беларусі, у якім, між іншым, заклікае прымаць усе неабходныя меры ў не дапушчэнні прапаганды ў свеце і развіцці дзейнасці грэка-каталікоў у нашай краіне, канешне, я вымушаны сказаць, што нельга так рабіць. Таму што заклікаць да варожасці да іншых канфесій – гэта няправільна і супярэчыць прынцыпу хрысціянства.
Я сам не з’яўляюся грэка-каталіком, гэта праўда. Тут быў напад прадэманстраваны на ўніятаў, грэка-католікаў, але ж разам з тым я з’яўляюся перадусім хрысціянінам, рыма-каталіком. Але калі выступаюць супраць грэка-каталікоў, я таксама маю абавязак бараніць сваіх братоў па веры. Больш за гэта, хацелася б сказаць, што я хоць сам рыма-католік, але ў мяне вельмі шмат сяброў праваслаўных, пратэстантаў, і мне прыкра, калі высокі іерарх праваслаўнай царквы заклікае да пераследу іншых вернікаў. Тут трэба бараніць не толькі грэка-каталікоў, а тут трэба бараніць праваслаўную царкву, бо гэтае выступленне, гэты ліст – адыход ад вернасці праваслаўнай царкве. Мы не можам сабе дазволіць, каб хтосьці сёння перапісаў праваслаўную веру і сказаў, што сутнасць у праваслаўі – гэта змаганне з каталікамі ці змаганне з уніятамі. Гэта абсурд.
І вось тут наогул можна ставіць сабе пытанне: ці я такі чалавек, які заахвочвае пераследаваць іншых хрысціянаў, перашкаджаць іхняму развіццю, ці наогул я ёсць хрысціянінам. Вось у чым уся справа.
І таму я кажу, што трэба бараніць праваслаўную царкву. Бо калі хочам сёння разваліць ушчэнт праваслаўную царкву, давайце тады дазволім рабіць такія заявы, якія супярэчаць Евангеллю. І гэта будзе найлепшая магчымасць забіць апошні цвік у труну праваслаўнай царквы, а гэтага б мне не хацелася. Мне хацелася б, каб мы ў Беларусі, католікі, праваслаўныя, уніяты, пратэстанты, жылі ў згодзе, каб мы адзін аднаго любілі і паважалі. Вось у чым праблема.
РР: Чаму выклікалі занепакоенасць менавіта ўніяты? Невялікая зусім парафіяльная супольнасць, і тут чамусьці такі высокі чын звярнуў на яе ўвагу. Ці гэта толькі першы стрэл у каталіцкую царкву?
Вячаслаў Барок: Падаецца, хутчэй за ўсё, што гэта апошні варыянт. Гэта такі пробны стрэл у іншых хрысціян, і ў тым ліку, быць можа, праз такую атаку на грэка-каталіцкую царкву ў Беларусі мітрапаліт рыхтуецца супрацьстаяць развіццю каталіцкага касцёла ў Беларусі. Быць можа, складана прагназаваць.
Але праўдай ёсць тое, што мітрапаліт Веніямін не быў злоўлены на сімпатыях да каталікоў, да пратэстантаў, а гэта таксама кепска ўсё ж такі. Гэта няправільна, калі мы, маючы прыналежнасць да нашай канфесіі, сваю канфесію любім, а іншым спрабуем сунуць палкі ў колы. Гэта вельмі кепска.
І, магчыма, гэта ёсць спроба на тое, вось спачатку зоймемся слабымі, якія не маюць нават сваіх структур падпарадкоўных, бо вядома, што грэка-каталікі маюць кіраўніка сваёй царквы, архімандрыта, але не маюць біскупа. А кожная царква па сваёй натуры патрабуе біскупа. І тут вось пытанне: чаму, калі адрадзілася грэка-каталіцкая царква ў Беларусі і мае больш дзясятка парафій, і мае два дзясяткі святароў, да гэтага часу не маюць біскупа.
Казаць пра тое, што такіх занадта мала, не выпадае, таму што спачатку павінен быць біскуп, прапаведнік. І, канешне ж, гэтыя пытанні хацелася б адрасаваць да тых, хто вырашае ўстанаўленне біскупаў. На гэтае пытанне павінен таксама адказваць Ватыкан. Але разам з тым, адказваючы на гэтае пытанне, мы павінны ўбачыць вернікаў грэка-каталіцкай царквы, яшчэ раз падкрэсліць, што традыцыя ўніятаў у Беларусі ёсць. І разам з тым сцвердзіць, якую моц мае гэта царква. Яны хоць малыя па колькасці, але вельмі моцныя па духу.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя