Вячаслаў Барок: Касцёл Беларусі ў стане даць маральную ацэнку падзеям у Беларусі



Гісторыя аб`яднання польскіх прафсаюзаў «Салідарнасць» пакінула каштоўны вопыт каталіцкага Касцёла, які ў патрэбны час і пры канкрэтных палітычных умовах узяў на сябе функцыю падтрымкі пратэснага руху ў Польшчы. І як вынік, менавіта Касцёл замацаваў за сабой паспяховы ўнёсак у справу дэмантажу камуністычнага рэжыму ў краіне і рэфармаванне паноўнага рэжыму.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з «Госцем Рацыі» – ксяндзом Вячаславам Барком, які быў вымушаны пакінуць Радзіму, пра тое, ці можа каталіцкі Касцёл у Беларусі паўтарыць польскі вопыт і што для гэтага патрэбна.

РР: Раскажыце, калі ласка, дзе вы зараз у Польшчы, як вам тут? Увогуле як вы ўладкаваліся?

Ксёндз Вячаслаў Барок: Польшча вельмі гасцінная краіна. Палякі маюць братэрскі дух да беларусаў. Таму, калі вымушана выправіўся ў камандыроўку з пастарскай дзейнасцю сюды, у Польшчу, я безумоўна, будучы святаром, не сустрэў ніякіх большых перашкодаў. Сапраўды краіна цалкам адкрытая. Але безумоўна, з пэўных абставінаў, маё жыццё, мая дзейнасць, у нейкім сэнсе, ёсць падвешанае. Не, я не боўтаюся тут без працы. Святар запатрабаваны, і ў Польшчы таксама. Я маю што рабіць. Але я не магу будаваць далейшых планаў, што я буду рабіць заўтра. Цяпер такі этап у жыцці, што толькі з упэўненасцю магу казаць, што я рабіў і што я раблю сёння. А што заўтра? Ну, як Бог дасць. Будуць прынятыя нейкія рашэнні і пабачым, што заўтра будзе. А сёння актыўна тут працую: сустракаюся з людзьмі з Беларусі, разам з імі, з братамі па веры, малюся, разам з імі разважаю пра жыццё, пра нашую будучыню. Адным словам, раблю тое, што святар павінен рабіць. Я стараюся быць блізка чалавека. І таксама таго чалавека, які быў вымушаны эміграваць з Беларусі сюды вось у Польшчу.

РР: Мы зараз знаходзімся на зямлі Падляшша, дзе вельмі добра ведаюць ксяндза Ежы Папялушку, чые прамовы, у прынцыпе, вялі «Салідарнасць». І ў прынцыпе сітуацыя падобная – польскай «Салідарнасці» і нашай беларускай сучаснасці. Вы зараз вывучаеце спадчыну слова Ежы Папялушкі і што б вы адзначылі ў ёй?

Ксёндз Вячаслаў Барок: Не скажу, што вывучаю, таму што жыццё гэтага святога чалавека мне было вядомае. Я цікавіўся гісторыяй Польшчы, гісторыяй касцёла ў Польшчы. Ежы Папялушка, безумоўна, мне блізкі чалавек па духу. Я вельмі шмат гаварыў з сябрамі Ежага Папялушкі, з тымі святарамі, якія былі разам з ім. Я маю кантакт з гэтымі людзьмі. Ну так, лёс паспрыяў, што я зараз на гэтай зямлі, адкуль ён родам. Згодзен, што гэты чалавек, ягонае жыццё, ягоныя павучанні, для шмат якіх святароў з’яўляюцца прыкладам. І, безумоўна, я чэрпаю з ягонага вопыту і стараюся нейкім чынам дараўнаць да яго, каб у такія няпростыя пераломныя моманты гісторыі краіны і народа заставацца верным перадусім Богу, Касцёлу. Так, як магу.

Цалкам размова:

З Госцем Рацыі – беларускім ксяндзом Вячаславам Барком размаўляла Вольга Сямашка.

Фота аўтара.