Вячаслаў Касінераў: Для Паліенкі штосьці рыхтуюць
Прадстаўнік анархічнага руху Вячаслаў Касінераў распавядае пра тое, чаму, на яго погляд, перанеслі суд над актывістам Зміцерам Паліенкам.
Пачатак працэса над грамадскім актывістам Зміцерам Паліенкам быў запланаваны на 25 верасня, але… раптоўна захварэў суддзя, і суд перанеслі на нявызначаны тэрмін. Вось ужо два тыдні прайшло з таго часу, але новая дата суда пакуль так і не прызначана.
Вячаслаў Касінераў: Пэўныя падзеі наводзяць на пэўны роздум. Працэс над Змітром павінен быў пачацца 25 верасня. І раптам, літаральна за паўгадзіны да пачатка суда, даведваемся, што суддзя захварэў, працэс перанесены.
І гэта пры ўсім тым, што Зміцера прывезлі ў суд, значыцца планавалі пачаць працэс, які затым рэзка адмянілі і не могуць працягнуць ужо два тыдні. Што за хвароба такая ў суддзі?
РР: Ваша версія?
Вячаслаў Касінераў: Мне падаецца, што на той момант уладам было невыгодна пачынаць працэс, таму ўзялі паўзу, каб вырашыць, якім чынам дзейнічаць далей, і якое далей прымаць рашэнне.
Мяркую, зараз усё будзе залежыць ад таго, ці надасць грамадства рэзананс “справе Паліенкі”. Калі ён будзе, то ёсць магчымасць як мінімум зрэзаць напалову той тэрмін, што паграждае Змітру. Натуральна, цалкам яго ніхто не апраўдае, у нас так сістэма не працуе.
РР: А можа працэс вырашылі не праводзіць менавіта таму, што ў гэты час падчас “Мінскага дыялога” ў беларускую сталіцу чакаліся высокія еўрапейскія госці?
Вячаслаў Касінераў: Не выключаю і гэтага, але ў такім выпадку тут могуць быць вельмі кепскія наступствы. Улады пачакаюць, калі еўрапейцы раз’едуцца, і вынесуць жорсткі прысуд за зачыненымі дзвярыма. Такое можа быць. У любым выпадку перанос суда азначае, што для Змітра Паліенкт штосьці рыхтуюць. Час пакажа – у лепшы альбо ў горшы бок.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя