Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка – на волі
Затрыманыя каля Адміністрацыі прэзідэнта анархіст Вячаслаў Касінераў і яго жонка Марына адпушчаныя на волю.
„Гадзіна ў аўтазаку проста так. Нас хапалі, тузалі, з ужываннем фізічнай сілы выцягвалі са „станакаў” і забіралі мабільнікі. У Марыны сарвалі барсетку і, трымаючы за рукі, абмацвалі. Ніхто не назваў сябе і не абвясціў прычыну гэтага дзікунства”, — напісаў Касінераў у „Фэйсбуку”.
Раней, пасля затрымання, анархіст паведаміў, што ў іх забралі пашпарты і заплечнік і пасадзілі ў аўтазак каля Дома афіцэраў. Тады ж з’явілася інфармацыя пра затрыманне каардынатара кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўгена Афнагеля. Яго тэлефон не адказваў. Але як стала вядома, Яўген Афнагель адпушчаны на волю без складання пратакола.
Увечары 15 красавіка каля Адміністрацыі прэзідэнта прыкладна 10 чалавек узялі ўдзел у малітве за Курапаты на заклік Беларускага нацыянальнага кангрэса (не мае рэгістрацыі ў краіне).
72-гадовая актывістка апазіцыі Ніна Багінская разгарнула бел-чырвона-белы сцяг, на яе спіне быў прымацаваны плакат „Свабоду народу”.
„Нідзе ў хрысціянскім свеце такога не робіцца, што адбылося ў Курапатах. Бальшавікі таксама зносілі крыжы і бурылі цэрквы, чым гэта скончылася? І я лічу, што маліцца можна паўсюль”, — заявіла БелаПАН Багінская.
Акцыя доўжылася прыблізна 40 хвілін. За ёй назіралі сілавікі ў цывільным.
4 красавіка ў Курапатах у мэтах выканання патрабавання Аляксандра Лукашэнкі навесці там парадак былі знесеныя і некуды вывезеныя 70 драўляных крыжоў, 13 красавіка — 24 металічныя. Яны былі ўсталяваныя па перыметры ўрочышча. Акцыя выклікала негатыўную рэакцыю праваслаўнай царквы і касцёла.
Фота: Вячка Касінер, facebook